Вы тут

На "Нафтане" пракаментавалі ўчорашні пажар

На "Нафтане" ў аўторак загарэлася ўстаноўка запаволенага каксавання / vitebsk.mchs.gov.by​

Падчас учорашняга пажару на "Нафтане" ніхто не пацярпеў, паведамілі на прадпрыемстве. Жыццю і здароўю жыхароў горада наступствы пажару таксама не пагражаюць.

Узгаранне адбылося "пры правядзенні пусканаладачных работ на ўстаноўцы запаволенага каксавання", расказалі на прадпрыемстве. Падчас выканання гэтых работ "адбыўся выхад дызельнага паліва з наступным яго загараннем".     

У МНС расказалі, што на ліквідацыі пажару былі задзейнічаныя 17 адзінак тэхнікі і 59 чалавек асабовага складу. Частка займалася астуджэннем трубаправодаў міжцэхавых камунікацый і стварэннем пеннай падушкі, частка — абаронай наяўных трубаправодаў.  У 22:14 узгаранне было ліквідаванае.

Цяпер спецыялісты разбіраюцца, што стала прычынай няштатнай сітуацыі. Чакаюцца таксама аднаўленчыя работы.

"Усе астатнія тэхналагічныя ўстаноўкі прадпрыемства працягваюць працу ў штатным рэжыме", — падкрэслілі на прадпрыемстве. Дамоўныя абавязанні таксама выконваюцца па плане.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.