Вы тут

На мяжы Беларусі з Еўрасаюзам скарацілася чарга з фур

Фуры на мяжы / Iлюстрацыйны здымак

На мяжы Беларусі з Еўрасаюзам у суботу зменшылася колькасць фур — выезду чакаюць каля 1,3 тысячы машын, паведамляе Дзяржпагранкамітэт. У пачатку тыдня ў чарзе стаяла больш за 2,4 тысячы фур.

Самыя вялікія чэргі назіраюцца на беларуска-літоўскім участку мяжы. У пункце пропуску "Прывалка" знаходзіцца больш за 260 фур, "Катлоўцы" — 220, "Каменным Логу" — звыш 200, у "Відзах" — 150, у "Беняконях" — звыш 60 фур.

На мяжы з Польшчай у "Брузгах" і "Бераставіцы" выезду чакаюць сумарна больш за 170 фур, у "Казловічах" — 30.

На беларуска-латвійскім напрамку ў пункце пропуску "Урбаны" стаяць 160 машын, у пункце "Грыгароўшчына" — 90 вялікагрузаў.

У гэтым месяцы адна з самых невялікіх чэргаў на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам утварылася 5 кастрычніка, калі выезду з краіны чакалі прыкладна 650 фур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.