На МТЗ, як і на МАЗе, скарацілі рабочых, але “ціха і не афішуючы”

Са снежня 2009 года на МАЗ былі звольненыя 4,5 тысячы чалавек. І гэта нягледзячы на перадвыбарны год. “Завышаная колькасць рабочых назіраецца сёння і на іншых прадпрыемствах краіны”, - адзначаў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.


24 лютага дэмакратычныя прафсаюзы выступяць у абарону звольненых з МАЗу. Паводле словаў старшыні Рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, звальненні праходзілі з парушэннем заканадаўства.


Ярашук: “Мы мяркуем усур’ёз паставіцца да таго, што прагучала. Прыкра, што адмаўчаўся афіцыйны прафсаюз. Мы маўчаць не будзем – 24 чысла мы ладзім пасяджэнне выканкама, дзе адным з пытанняў будзе разглядацца тое, што мела месца на МАЗе. Мы рыхтуем заяву і будзем вырашаць, якія захады рабіць, каб не дапусціць такога вырашэння пытання занятасці ў нашай краіне”.


У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сваю пазіцыю наконт звальненняў Еўрарадыё агучылі вельмі коратка:


“Наша пазіцыя – мы супраць скарачэнняў і звальненняў”.


Больш за тое, такія захады – прамое парушэнне заканадаўства, - кажа Ярашук:


“Гэта нігілізм і цынізм ў дачыненні да заканадаўства. Ёсць пастанова Міністэрства працы, якая кажа пра тое, што на такіх прадпрыемствах як МАЗ, дзе працуе больш за 10 тысяч чалавек, калі звальняецца больш за 5% ад колькасці працаўнікоў, павінны прымацца спецыяльныя меры па іх працаўладкаванні”.


Еўрарадыё звярнулася на МАЗ, каб даведацца, хто былі гэтыя 4,5 тысячы звольненых… Дзе яны цяпер і ці дапамаглі гэтым людзям з працаўладкаваннем? Па тэлефоне нам адказаць адмовіліся. Неўзабаве павінен прыйсці адказ на пісьмовы запыт.


На самой жа справе працаўладкаваннем звольненых ніхто не займаўся, – упэўнены Ярашук:


“Самае трывожнае заключаецца ў тым, што сыходзілі з МАЗа найбольш маладыя, рухавыя і ініцыятыўныя людзі. Хто куды падзеўся – ці ў Мінску працаўладкаваўся, ці можа з’ехалі наогул за межы краіны – няма ніякага адказу. Улады стварылі міф пра фантастычна нізкі ўзровень беспрацоўя – 0,7% і самі ў яго паверылі. Самая мінімальная велічыня – гэта 7%”.


Па словах Ярашука такі самы лёс можа чакаць і астатнія буйныя прадпрыемствы Беларусі. Але на саміх прадпрыемствах слова “звальненне” ўвогуле не ўжываюць. Замест гэтага кажуць “аптымізацыя колькасці” ды “арганізацыйна-штатныя мерапрыемствы”.


На трактарным заводзе скарачэнні правялі яшчэ ў 2008 годзе. Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле кадраў МТЗ, гэта зрабілі ціха, не афішуючы:


“Дадзеная палітыка, пра якую казалі на МАЗе, яна ў нас праводзілася з 2008 года. Аптымізацыя колькасці прайшла безбалюча. Ажыццяўлялася яна за кошт асобаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту”.


Еўрарадыё: А тых, хто не дасягнуў, не чапалі?


МТЗ: “Вядома, не. Навошта мы пойдзем па жывых людзях, каб былі незразумелыя канфліктныя сітуацыі. Мы зрабілі гэта ціха, не афішуючы – за кошт людзей, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту. Цяпер мы людзей набіраем, асабліва рабочы персанал, бо павялічыліся аб’ёмы вытворчасці”.


На “Гарызонце” за 2010 год па ўсёй кампаніі не скарацілі ніводнага чалавека, запэўнілі нас у аддзеле кадраў прадпрыемства.


Аддзела кадраў “Гарызонта”: “У нас гендырэктар стаіць на такой пазіцыі, што нават калі праводзяцца арганізацыйна-штатныя мерапрыемствы – трэба забяспечыць усіх працоўнымі месцамі. У нас скарачэнняў у гэтым годзе няма. І ў 2010-м па ўсёй кампаніі мы не скарацілі ніводнага чалавека.
Наадварот, мы цяпер шукаем спецыялістаў. На заводзе электронікі і бытавой тэхнікі мы пашырылі набор вучняў слесараў-зборшчыкаў і вучняў ліцейшчыкаў пластмас”.


Цікава, што на сайце МАЗ у рубрыцы вакансіі таксама ёсць набор па шэрагу спецыяльнасцяў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі