Вы тут

На могілках у Кіраўску падлеткі разбілі агароджы пяці магіл

Могілкі ў Кіраўску / mogilev.mvd.gov.by

Жыхарам Мінска знаёмыя паведамілі, што магілы іх сваякоў у Кіраўску на Магілёўшчыне пашкоджаныя вандаламі. Мінчукі звярнуліся ў міліцыю, інфармуе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.
 
Міліцыянты высветлілі, што на могілках бясчынствавалі трое непаўналетніх мясцовых падлеткаў. На пачатку жніўня яны праходзілі міма могілак і зайшлі на іх тэрыторыю. Адзін з хлопчыкаў стукнуў рукой па дэкаратыўным шары на гранітнай агароджы магілы, а той зваліўся на зямлю. Пасля гэтага падлеткі сталі гэтым гранітным шарам біць па іншых элементах агароджаў. У выніку яны пашкодзілі агароджы на пяці магілах.

Па факце хуліганства праваахоўнікі пачалі крымінальную справу. У поўнай меры па ёй адкажа васьмікласнік — яму ўжо споўнілася 14 гадоў. За дзеянні яго 11-гадовых прыяцеляў адказваць давядзецца бацькам.