На Mіrum Music Festival ніхто не зможа зняць трусы перад Джамалай

Фота: ultra-music
Фота: ultra-music

19 жніўня на лузе каля Мірскага Замка традыцыйна пройдзе Mіrum Music Festival. Яго хэдлайнерамі стануць Джамала, Beissoul & Einius і Naviband, таксама выступяць Паліна Рэспубліка, 1/2 Orchestra і іншыя артысты. Вольга Смок, арганізатарка фестывалю, распавядае пра яго пяцігоддзе, раскрывае асаблівасці райдара Джамалы і лічыць, што хутка беларусам не трэба будзе ездзіць на фэсты за мяжу ― хопіць і сваіх.

Еўрарадыё: Сёлета Mіrum Music Festival пройдзе ў пяты раз. Як змяніўся за гэты час фестываль?

Вольга Смок: Усе ведаюць гісторыю пра тое, што спачатку гэта была вечарынка з дыджэямі для сваіх. І толькі праз два гады да рабят дайшло, што можна пашырацца і рабіць на гэтай тэрыторыі нейкі фестываль. У мінулым годзе мы паспрабавалі двухдзённы фармат, але зразумелі, што пакуль што не можам гэта пацягнуць. Прывозім новых артыстаў, хоць у нас ёсць традыцыя кожны год паўтараць аднаго з хэдлайнераў. Але ў прынцыпе, стараемся прытрымлівацца зададзенага курсу, які ўзялі яшчэ тры гады таму.

Еўрарадыё: Натуральна, што проста так Mіrum Music Festival не арганізаваўся і пры яго стварэнні вы арыентаваліся на нейкія іншыя падобныя івэнты. Якія з іх вас натхнілі?

Вольга Смок: Спачатку ніхто нічым не натхняўся. Але цяпер, калі мы ездзім на фестывалі ў іншыя краіны, мы спрабуем нешта пераняць. Нядаўна мы былі на фестывалі Open'er у Гдыні, які наведала 120 тысяч чалавек, і на якім выступілі Radiohead, Джэймс Блэйк, Solange. Фестываль вельмі годны, і ў іх, вядома, варта павучыцца. Было б крута, каб Mіrum калі-небудзь ператварыўся ў такі фестываль.

Еўрарадыё: Mіrum Music Festival хваляць за атмасферу. Якая яна, па-вашаму?

Вольга Смок: Я думаю, што вялікую ролю адыгрывае лакацыя. Замак, прырода, возера... Так атрымліваецца, што і людзі прыязджаюць пэўнага тыпу ― усе прыгожыя, добразычлівыя, якія дапаўняюць атмасферу. Гэтак жа напаўненне фестывалю ― фудкорт, забавы ― стараемся рабіць такімі, каб яны не выбіваліся з агульнай канцэпцыі, каб усё разам стварала прыемную для наведвальнікаў карціну.

Еўрарадыё: Сёлета хэдлайнерам "Мірума" стане Джамала. Ці складана было яе прывезці, і што ў яе райдары вам здалося незвычайным?

Вольга Смок: Мы даўно хацелі прывезці Джамалу. Тое, што яна перамагла ў мінулым годзе на "Еўрабачанні", надало ёй яшчэ больш значнасці, хоць мы ніколі не думалі, што наш фестываль будзе неяк звязаны з конкурсам "Еўрабачанне". Гэта значыць, для нас гэта было нешта другараднае. Але перамовы вяліся даўно, таму дамовіцца было нескладана. Што тычыцца райдара, нельга сказаць, што каманда Джамалы вельмі патрабавальная. Але цікавы момант у тым, што ў яе меню не павінна быць свініны. Вядома, што Джамала ― мусульманка, але ў яе гурце не ўсе вызнаюць іслам. Відаць, што яны проста імкнуцца падтрымліваць яе традыцыю.

Еўрарадыё: Як вядома, акрамя Джамалы на Mіrum Music Festival выступяць беларускія ўдзельнікі сёлетняга "Еўрабачання" Naviband, якія пераспявалі песню ўкраінскай зоркі "1944". Ці не плануецца выпадкова сюрпрыз у выглядзе сумеснага дуэта Джамаль і Naviband?

Вольга Смок: Арганізатары не ведаюць пра такі сюрпрыз, але ўсё можа адбыцца.

Еўрарадыё: А калі перад Джамалай зноў здымуць трусы, як гэта здарылася ў гэтым годзе на "Еўрабачанні", што будуць рабіць арганізатары?

Вольга Смок: Ніхто не зможа заскочыць на сцэну, таму што бэкстэйдж у нас абгароджаны, і старонніх туды не пускаюць. Думаю, такога не адбудзецца.

На Mіrum Music Festival никто не сможет снять трусы перед Джамалой
Вольга Смок. Фота з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: На каго акрамя Джамалы і Naviband варта звярнуць увагу ў лайн-апе фэсту? Па якіх крытэрыях у гэтым годзе вы складалі праграму?

Вольга Смок: Як арганізатар, я лічу, што трэба на ўсіх звярнуць увагу, таму што мы вельмі старанна падбіраем лайн-ап. Але, па-першае, хацелася б згадаць Ishome ― гэта расійская электронная музыкантка. Першапачаткова я не разумела, як упісаць ў канцэпцыю фестывалю яе электронную музыку, але з часам сама яе палюбіла, чакаю яе больш за ўсіх і вельмі рэкамендую яе паслухаць. З нехэдлайнераў мы запрасілі хлопцаў, якія робяць джэмы ва Ў-бары кожную пятніцу. Яны называюцца BY Soulfam, і гэта настолькі крута, што я вырашыла, што нельга не паказаць іх вялікай колькасці людзей. Таму вельмі раю прыязджаць да пачатку, каб пачуць гэтых хлопцаў.

Еўрарадыё: Што цікавага акрамя музыкі чакаць гледачам на Mіrum Music Festival?

Вольга Смок: Мы запрашаем цэлы парк забаў для гасцей. Будуць разнастайныя актыўнасці ад партнёраў ― можна паляжаць-адпачыць, у нешта пагуляць, будзе фудкорт з разнастайнай ежай. Таксама ў нас ёсць абгароджаны намётавы гарадок, у якім можна бясплатна паставіць палатку, мангал, ўзяць з сабой ката і сабаку вышынёй не больш за 20 сантыметраў.

Еўрарадыё: Квіток на фэст каштуе 35 рублёў. Многія лічаць гэтую цану завышанай ўлічваючы тое, што трэба выдаткаваць яшчэ і на паездку да Міра.

Вольга Смок: Тым, хто кажа, што 35 рублёў ― гэта дорага, варта задумацца, колькі каштуе білет на канцэрт аднаго музыкі. Напрыклад, на канцэрт Джамалы білет абыдзецца ў 50 рублёў. А тут такая вялікая колькасць музыкаў, і каб іх паслухаць, трэба заплаціць менш за дваццаць еўра ― гэта ўвогуле нішто. Білет мог каштаваць больш, але мы клапоцімся пра нашу публіку.

Еўрарадыё: Дарэчы, ці будзе на фестывалі прадавацца піва?

Вольга Смок: На самой тэрыторыі фестывалю шапікаў не будзе. Але ёсць кавярня-бар "Мірум", можна туды прыходзіць і піць піва колькі заўгодна.

Еўрарадыё: Мирум ― фестываль з імем. Ці стала лягчэй ўзгадняць яго правядзенне з мясцовымі ўладамі?

Вольга Смок: Не магу сказаць, што ўсё адбываецца гладка. На жаль, мяняюцца людзі, змяняюцца працэсы, даводзіцца зноў і зноў даказваць, чаму гэта трэба. Але прагрэс ёсць усё адно. Бачна, што фестываль прыцягвае шмат людзей, гэта ўносіць сваю лепту і ў турыстычны складнік месца, таму мясцовыя ўлады ўсё ж імкнуцца нам дапамагаць.

Еўрарадыё: Каго вы марыце прывезці на Mirum ў будучыні?

Вольга Смок: Moderat! Але гэта пакуль мара, паколькі сума, у якую яны абыдуцца, для нас пакуль непад'ёмная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі