Вы тут

На мінскім стадыёне "Дынама" да Еўрагульняў не будзе футбольных матчаў

Скрыншот з відэа АБФФ

На мінскім стадыёне "Дынама" да Еўрагульняў не будзе футбольных матчаў. Як паведамляе прэс-служба ФК "Дынама-Мінск", хатнія паядынкі каманды ў красавіку-чэрвені будуць праходзіць на стадыёне "Трактар". Прычына такога рашэння — "нездавальняючы стан" газону, які трэба тэрмінова "рэанімаваць" да міжнародных спаборніцтваў.  

Як вядома, нацыянальная зборная Беларусі па футболе таксама не будзе гуляць на "Дынама". Адборачныя матчы Еўра-2020 з камандай Германіі (8 чэрвеня) і з Паўночнай Ірландыяй (11 чэрвеня) пройдуць на "Барысаў-Арэне".

Як інфармавала Еўрарадыё, 14 красавіка на мінскім стадыёне "Дынама" прайшоў першы ў гэтым сезоне футбольны матч: "Дынама-Мінск" — "Гарадзея". І выявілася, што газон аблысеў. І гэта за два месяцы да Еўрагульняў! Такой сітуацыяй абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Па адной з версій, газон пацярпеў у канцы мінулага сезону, калі для правядзення футбольнага матчу чысцілі снег і месцамі разам з... травой.

II Еўрагульні адкрыюцца ў Беларусі 21 чэрвеня.