На межах Беларусі з краінамі ЕС і Украінай будуць праводзіць анкетаванне
![На мяжы / sb.by](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/c8n0114tmu9mzgac8n0ja0qrt9z5a75w.jpg.webp?itok=isKSCrPj)
На мяжы / sb.by
На межах Беларусі з краінамі ЕС і Украінай будуць праводзіць анкетаванне. Яго мэтай называюць вывучэнне "неарганізаванага ўвозу і вывазу тавараў фізічнымі асобамі і накіраванасці патокаў міжнароднага турызму". Белстат хоча мець даныя, "неабходныя для фармавання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі", якая адсутнічае ў мытнай статыстыцы знешняга гандлю Беларусі з дзяржавамі, якія не ўваходзяць у склад Еўразійскага эканамічнага саюза.
Як вынікае з пастановы Нацыянальнага статыстычнага камітэта (№ 10 ад 10 сакавіка 2023-га), апублікаванай у сераду на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале РБ, анкетаванне фізічных асоб добраахвотнае і ананімнае. Белстат яго праводзіць сумесна з мытнікамі ў аўтадарожных пунктах пропуску.
На мяжы Беларусі з Польшчай і Латвіяй дзейнічаюць па 2 аўтадарожных пункта пропуску, з Літвой — шэсць. Што да мяжы з Украінай, то не дзейнічаюць усе 12 пунктаў пропуску, таму там анкетаванне правесці не атрымаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.