На грузінскай вайне працуюць два беларускія журналісты

Паводле звестак «Рэпарцёраў без межаў», на расійска-грузінскай вайне забітыя 4 журналісты, шмат хто быў паранены. Сярод загінулых – аператар галандскага тэлеканала RTL-2 Стан Сторыманс, Грыгол Чыхладзе, рэдактар тэлекампаніі «Аланія», карэспандэнт рускага Newsweek Аляксандр Клімчук, кіраўнік фотаінфармацыйнага агенцтва Caucasus Press Images, які працаваў фотакарэспандэнтам ИТАР-ТАСС. Таксама, паводле звестак “Рэпарцёраў без межаў”, загінуў грузінскі журналіст і яго кіроўца, іх імёны не называюцца. Спецыяльны карэспандэнт турэцкага канала NTV Ільмі Акалаглу і яго аператар Кумхур Каткая ўтрымліваюцца ў Паўднёвай Асеціі прадстаўнікамі расійскіх узброеных сілаў. У сваю чаргу рэпарцёр турэцкага канала Kanalturk Левент Озцюрк і яго аператар Гірай Ірвін таксама затрыманыя, але ў Паўночнай Асеціі.

Зараз у зоне канфлікту знаходзяцца 2 беларускія фотакарэспандэнты — Віктар Драчоў (France Press) i Сяргей Грыц (Associated Press). Еўрарадыё датэлефанавалася да Сяргея Грыца.

Падчас размовы ён быў па дарозе ў Горы і распавёў, што нягледзячы на тое, што ў бок Горы нікога не пускаюць, прэсу пусцілі. Гэта, па яго словах, уся дапамога, якую аказваюць журналістам.

Літаральна праз гадзіну, калі журналісты даехалі да Горы, Сяргей Грыц распавёў нам, што бачыць калону расійскіх грузавых машынаў з БТР-амі, якая рушыць у бок Тбілісі.

Сяргей Грыц: “Калона з 50 грузавых машын у суправаджэнні БТР-аў расійскага войска рушыць у бок Тбілісі. Мяркую, што гэта вялікая нечаканасць для Саакашвілі. Гэта не ўварванне, гэта не баявыя часткі, але гэта вельмі дзіўна выглядае.

Грузінскіх войскаў побач няма. Насустрач і паралельна з гэтай калонай едуць звычайныя грузінскія аўтамабілі. Страляніны, прынамсі пакуль, няма. Але сітуацыя вельмі напружаная, таму што незразумела, як сустрэнуць гэтую калону расійскіх войскаў, якая ўвайшла далёка на грузінскую тэрыторыю".

Дарэчы, Сяргей Грыц працаваў і ў іншых гарачых кропках па ўсім свеце. Аднак параўнаць сітуацыі цяжка. У Афганістане, паводле яго слоў, была праца ў гарах, дзе вельмі бедны народ, які не разумее ні па-руску, ні па-ангельску. А ў Грузіі цывілізаваны народ, нармальныя дамы, інтэрнэт, але пры гэтым лятаюць самалёты і бамбуюць, ці ўваходзяць танкі.

Сяргей Грыц кажа, што правілы для журналістаў у гарачых кропках такія ж, як і ва ўсіх, хто там знаходзіцца: асцярожнасць, уважлівасць, імкненне да здабыцця як мага большай інфармацыяй, пры гэтым не рызыкуючы ні сабой, ні жыццём калегаў.

Пытанне, ці было за час працы ў Грузіі сапраўды страшна, Сяргей Грыц пакінуў без камэнтароў.

Між іншага, у 2007 годзе, паводле звестак Камітэта абароны журналістаў, пры выкананні прафесійных абавязкаў загінула 65 журналістаў.

Фота — sirjones

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі