На агародзе ў Вайцюшках сыграюць джаз

17 жніўня Вайцюшкі закрыюць канцэртны сезон джазавым канцэртам. Гэтым разам у аграсядзібе музыкі Змітра Вайцюшкевіча выступіць трыа Канстанціна Гарачага. Адмыслова для вечара лепшымі кухарамі Беларусі марынуецца ялавічына, — заманьвае спявак аматараў джазу на Нёман за 160 кіламетраў ад Мінску.

“Наша адрозненне ад Шаблёў у тым, што мы — лакальная з’ява, нешматлюдная. Таму што 300 чалавек для мяне зашмат. 100 — аптымальны варыянт. Мы трохі ідзем у іншым накірунку. Фестывалю шансону ў Беларусі яшчэ не было. Ды і джазавых вечароў ні ў адной аграсядзібе яшчэ ніхто не праводзіў да гэтага. А традыцыйнае Купалле хай будзе. Тым больш, што яно было прыгожым”, — тлумачыць Еўрарадыё музыка.

Планы наконт развіцця Вайцюшкоў і пераўтварэння іх у культурніцкае і нават элітнае месца ў музыкі вялікія. “Пакуль у мяне іншага бізнесу не атрымоўваецца з дзяржавай , буду арганізоўваць яго ў сябе на агародзе”, — на поўным сур'ёзе кажа Вайцюшкевіч. І дадае, што цяпер абдумвае праграму аграсядзібы на наступнае лета: зрабіць фестываль паэзіі, пленэр мастакоў, Купалле, фестываль шансону “Пад ліпамі”, фэст інструментальнай музыкі. Маўляў, “ісці не папсовым шляхам, але мець свой выразны твар”.

Мясцовыя жыхары і радня музыкі ходзяць на імпрэзы ў Вайцюшках бясплатна.

Гэтым разам, абяцае музыка, аматараў джазу чакаюць непрыстойна нізкія кошты на квіткі. Спяшайцеся!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі