Вы тут

На "Белшыне" звальняюць актывістаў забастоўкі, якая не адбылася

Каля "Белшыны" / TUT.by

Як мінімум тры работнікі бабруйскай "Белшыны" застаюцца без працы. Па іх словах, звальненне звязанае са спробай арганізаваць страйк. 

Адзін з іх — рабочы завода масавых шын Віталь Красніцкі, які быў адным з арганізатараў страйкама. 25 жніўня яго апавясцілі, што ён будзе звольнены за прагул. Мужчына пакуль не бачыў загад, але кажа, з працы будзе звольнены з 18 верасня.

Красніцкі збіраў на прадпрыемстве подпісы пад петыцыяй аб пачатку забастоўкі з 19 жніўня. У той дзень прайшла сустрэча ініцыятыўнай групы рабочых з кіраўніком прафкама "Белшыны" Ігарам Вежнаўцом, які запэўніў іх, што санкцыі да ўдзельнікаў страйку ўжывацца не будуць. Але ўжо на наступны дзень два рабочыя звольніліся з фармулёўкай "па пагадненні бакоў", кажа Красніцкі. Ён мяркуе, што на рабочых быў ціск з боку адміністрацыі. 

"Амаль тыдзень у Аляксея Касцюковіча і Руслана Карымава былі адключаныя тэлефоны. Ніхто не ведаў, што з імі і дзе яны", — тлумачыць рабочы ў каментары журналістам TUT.by.

Праз некалькі дзён яму ўдалося звязацца з жонкай аднаго з работнікаў і сказаць, што яны могуць звярнуцца па матэрыяльную падтрымку ў фонды дапамогі страйкоўцаў. У размове высветлілася, што яны адключылі тэлефоны і разам з сем'ямі з'ехалі з горада.

Самому Красніцкаму залічылі прагул за 20 жніўня. У той дзень ён ездзіў у Мінск на сустрэчу прадстаўнікоў страйкамаў прадпрыемстваў па юрыдычную кансультацыю для арганізацыі і правядзення страйку. Рабочы загадзя паведаміў пра гэта начальніку цэха Віктару Трафімаву і атрымаў, па яго словах, параду "аформіць бальнічны" альбо ўзяць выхадны за свой кошт. У Віталя ёсць аўдыёзапіс гэтай размовы. Красніцкі напісаў заяву на выхадны і паехаў у Мінск. А праз дзень даведаўся, што яго заяву не падпісалі. Усе астатнія дні малады чалавек прыходзіць на змены, але страйкуе.

Начальнік упраўлення кадраў прадпрыемства Аксана Прыходзька распавяла журналістам TUT.by, што загадаў на звальненне Аляксея Касцюковіча і Руслана Карымава пакуль не было. "Што датычыць Віталя Красніцкага, то, верагодна, ён будзе звольнены за прагулы больш за тры дні", — заявіла яна. 

Прыходзька дадала, што на мінулым тыдні былі адзінкавыя выпадкі страйкаў, а цяпер прадпрыемства парцуе ў штатным рэжыме. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.