На беларуска-польскай мяжы затрымалі “банду нямых” з гашышам

На беларуска-польскай мяжы мытнікі затрымалі чатырох нямых грамадзян Расіі, якія перавозілі больш за 26 кілаграмаў гашыша. Яны ехалі на аўтобусах па маршруце Парыж – Масква праз памежны пункт пропуску “Варшаўскі мост”.

Спачатку беларускія мытнікі затрымалі 49-гадовага жыхара Краснадарскага края, у валізе якога знайшлі шэсць брыкетаў спрэсаванага расліннага рэчыва. Экспрэс-тэст устанавіў, што гэта гашыш.

Для таго, каб атрымаць тлумачэнні расіяніна, давялося запрасіць перакладчыка, бо затрыманы аказаўся нямым, паведамляе БелаПАН.

Пасля гэтага здарэння ва ўсіх пунктах пропуску мытні “Заходні Буг” супрацоўнікі атрымалі загад дасканала правяраць нямых расіянаў. У адным з аўтобусаў у рэчах трох пасажыраў, якія таксама аказаліся нямымі, таксама знайшлі гашыш.

Крыху больш за 5 кілаграмаў везла 29-гадовая жыхарка Пяцігорска, 7 кілаграмаў прыхавала 35-гадовая масквічка, больш за 8 кілаграмаў меў пры сабе 36-гадовы жыхар Масквы. Зараз праводзіцца расследаванне па справе “банды нямых”.

Паводле звестак тэлеканала ОНТ, агульны кошт канфіскаванага гашыша складае 400 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі