Вы тут

МЗС Украіны пракаментавала затрыманне расійскіх баевікоў у Беларусі

Украіна пракаментавала затрыманне расійскіх баевікоў у Беларусі / БЕЛТА

Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з афіцыйнай заявай наконт затрыманых у Беларусі баевікоў. Нагодай сталі паведамленні СМІ, што сярод затрыманых ёсць і тыя, хто ваяваў на Данбасе супраць Украіны.  

"Украіна даўно папярэджвала, што ўдзельнікі расійскіх акупацыйных сіл і незаконных узброеных фармаванняў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны, выкарыстоўваюцца ў іншых кропках свету і ўяўляюць пагрозу. Выяўленне гэтых баевікоў у Беларусі пацвярджае гэты факт і сведчыць пра тое, што яны могуць быць выкарыстаныя для дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў", — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС.

Пры гэтым украінскія дыпламаты падкрэсліваюць, што іх краіна развівае добрасуседскія адносіны з Беларуссю, "усебакова падтрымлівае яе суверэнітэт і незалежнасць».

Украінскі бок падкрэслівае, што хацеў бы на ўзроўні адпаведных органаў вырашыць пытанне пра экстрадыцыю баевікоў. 

29 ліпеня афіцыйныя СМІ паведамілі, пра затрыманне ў Беларусі 33 баевікоў з прыватнай ваеннай кампаніі з Расіі. Паводле звестак СМІ, гаворка ідзе пра групоўку "Вагнер", якая карыстаецца неафіцыйнай падтрымкай з боку Крамля. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.