МЗС Польшчы: Вяртанне амбасадара можа залежаць ад вынікаў візіту Мартынава

Адным з галоўных пытанняў візіту стане сітуацыя вакол Саюзу палякаў.

8 лютага Польшча адклікала для кансультацыяў свайго амбасадара ў Беларусі Генрыка Літвіна. Адначасова ў Міністэрства замежных спраў у Варшаве быў выкліканы беларускі амбасадар Віктар Гайсёнак. А міністр польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што 12 лютага на запланаванай афіцыйнай сустрэчы ён будзе мець “мужчынскую размову” са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Прычына ва ўсіх пералічаных падзеяў адзіная — сітуацыя, якая склалася вакол польскай меншасці ў Беларусі.

Як паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар польскага МЗС Пётр Пашкоўскі, дакладная дата вяртання амбасадара Літвіна ў Мінск не вядомая. Магчыма, яна будзе залежыць ад вынікаў варшаўскай сустрэчы міністраў замежных спраў Сікорскага і Мартынава.

Пётр Пашкоўскі: “Быў выкліканы ў сваю краіну польскі амбасадар у Мінску. Не ведаю дакладнай даты вяртання спадара Генрыка Літвіна ў беларускую сталіцу, бо ён выкліканы ў Польшчу дзеля кансультацыяў. Як я разумею, ён будзе задзейнічаны ў час візіта міністра Мартынава ў Варшаве”.

Нагадаем, што толькі на працягу першага тыдня лютага быў здзейснены ціск на сябраў неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі. 5 лютага ў Гродне суд аштрафаваў на 71 мільён фірму “Палоніка”, якой кіруе Анжаліка Борыс і праз якую непрызнаная ўладамі арганізацыя ажыццяўляла сваю культурна-асветніцкую дзейнасць. А ўжо 8 лютага міліцыя сілай выдаліла з Дому польскага ў Івянцы актывістаў мясцовага аддзелу СПБ, якія знаходзіліся там са сваёй старшынёй Тэрэсай Собаль, і ўзяла будынак пад свой кантроль.

Дарадца Прэзідэнта Польшчы ў справах суайчыннікаў за мяжой Міхал Дворчык рэзка асудзіў падзеі вакол польскай меншасці ў Беларусі. У гутарцы з Еўрарадыё чыноўнік адзначыў, што больш анідзе ў свеце палякі не сутыкаюцца з парушэннем сваіх правоў і свабодаў, як у Беларусі.

Міхал Дворчык: “На сённяшні дзень палякі ў Беларусі маюць найцяжэйшую сітуацыю. У іншых краінах, еўрапейскіх і пазаеўрапейскіх, дзе жыве шмат палякаў і асобаў польскага паходжання, здараюцца, вядома ж, рознага кшталту праблемы і нават парушаюцца правы чалавека ды не вытрымліваюцца еўрапейскія стандарты. Аднак да такіх брутальных сітуацый, як гэта адбываецца ў Беларусі, анідзе ў свеце не даходзіць — у дачыненні да палякаў”.

На думку ж беларускіх уладаў, ва ўсіх бядотах “неафіцыйныя” палякі павінны вінаваціць выключна саміх сябе: незарэгістраваныя, нелегітымныя, непадкантрольныя. З чыноўнікамі згодныя і прадстаўнікі праўладнай часткі Саюзу палякаў. Старшыня Мінскага гарадскога аддзелу афіцыйнага СПБ Чэслаў Муліца ўпэўнены, што толькі яго арганізацыя мае права прадстаўляць інтарэсы беларускіх палякаў. Адпаведна, і ўся дапамога ад Польшчы нібыта павінна накіроўвацца выключна на мерапрыемствы, арганізаваныя праўладным СПБ.

Чэслаў Муліца: “У Мінску ёсць Інстытут Польскі, які мае магчымасць аказваць дапамогу. Калі яны не ўзгодняць гэты план — ну што ж, гэта будзе адказам на тое пытанне, ці хочуць яны працаваць разам у імя палякаў!”

Пытанне фінансавання для дзейнасці арганізацыі мясцовых палякаў і сапраўды надзвычай важнае. З 16 Дамоў польскіх, у якіх і была сканцэнтраваная культурна-асветніцкая дзейнасць СПБ, 14 сёння кантралююцца ўладамі. Адпаведна, уся матэрыяльная падтрымка гэтых асяродкаў Польшчай была спыненая. Як паведаміў у гутарцы з Еўрарадыё сябра Рады неафіцыйнага Саюзу палякаў Андрэй Пачобут, з-за безграшоўя адабраныя ў іх будынкі былі пераведзеныя на баланс мясцовых бюджэтаў і практычна спынілі ўсялякую дзейнасць.

Андрэй Пачобут: “Большасць з гэтых Дамоў альбо зачыненыя, альбо здадзеныя ў арэнду нейкім фірмам — напрыклад, у Шчучыне, там адныя фірмы! Такая сітуацыя — у большасці Дамоў польскіх”.

Гвалтоўнае спыненне якой-колечы культурна-асветніцкай дзейнасці польскай меншасці ў Беларусі, а зусім не спрэчкі, які з Саюзаў з’яўляецца сапраўдным, — вось галоўная праблема ўзніклага канфлікту, запэўнівае Еўрарадыё амбасадар Польшчы Генрык Літвін.

Генрык Літвін: “Праблема не ў тым, каго мы ўважаем за Саюз палякаў у Беларусі. Заганнай з’яўляецца ўласна такая пазіцыя, што існаванне Саюзу палякаў у Беларусі, кіраваных Лучнікам, а зараз Сямашкам, выключае магчымасць легальнай дзейнасці іншых саюзаў. Падобны падыход непрымальны”.

Каб развязаць праблему, лічыць амбасадар, папросту трэба не перашкаджаць кожнаму самастойна вырашаць, кім быць і як жыць, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці.

Генрык Літвін: “Тут папросту гаворка пра тое, каб усе палякі, якія хочуць дзейнічаць на ніве польскай мовы, традыцыі і культуры, маглі дзейнічаць легальна. Калі ўсе ахвотнікі будуць дзейнічаць легальна, то бок будуць мець магчымасць арганізоўвацца ў легальныя структуры, то праблема будзе развязаная”.

Нагадаем, паводле перапісу 1999 году, у Беларусі пражывае каля 400 тысяч палякаў. Цікава, што 57,6% з іх тады заявілі, што звычайна размаўляюць па-беларуску. Для параўнання: роднай мовай карыстаюцца толькі 41,3% беларусаў. 10 тысяч беларускіх палякаў аб’яднаныя ў Саюзе палякаў у Беларусі.



Фота www.racyja.com. На здымку - амбасадар Генрык Літвін у Гродне

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі