МЗС Літвы: У Брусэлі з Макеем абмяркоўвалі тэму палітвязняў

"Так, гэтае пытанне ўздымалася. Вызваленне палітычных зняволеных і іх поўная рэабілітацыя агучваліся як адна з галоўных умоў. Кіраўнікі МЗС таксама агучылі жаданне бачыць больш канструктыўнае стаўленне з боку Беларусі", - падкрэслілі ў прэс-службе літоўскага МЗС, інфармуе БелаПАН.

На пытанне аб рэакцыі Уладзіміра Макея ў прэс-службе адзначылі наступнае: "Літоўская дэлегацыя знайшла рэакцыю Беларусі больш канструктыўнай, чым раней. Не на ўсе пастаўленыя пытанні быў дадзены адказ і некаторыя тэмы замоўчваліся, але літоўская дэлегацыя знайшла ў выказваннях больш канструктыўнасці і жадання выбудоўваць адносіны з ЕС".

Нагадаем, адразу пасля сустрэчы Макей на пытанне брусэльскага карэспандэнта "Радыё Свабода" "ці абмяркоўвалася зняцце санкцый ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска ў абмен на вызваленне палітвязняў" адказаў: "Мы абмеркавалі ўсе пункты, якія стаялі на парадку дня, якія тычацца нашага супрацоўніцтва з Еўрасаюзам".

Як паведамлялася раней, асноўным пытаннем сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС і УП была падрыхтоўка да лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Вільні. Макей прыбыў у Брусель па запрашэнні кіраўніцтва ЕС. Гэта быў яго першы візіт у Еўропу пасля зняцця візавых санкцый ЕС.

У студзені 2011 года Уладзімір Макей - на той момант кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі - у ліку іншых высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў быў занесены ў чорны спіс ЕС як асоба, датычная да жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і наступнага пераследу актывістаў апазіцыі.

24 чэрвеня гэтага года Савет міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу прыняў рашэнне аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да Макея. Санкцыі прыпыненыя на той час, пакуль ён займае пасаду міністра замежных спраў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі