Вы тут

МЗС Беларусі: санкцыі ЕС мяжуюць з эканамічнай вайной

Будынак МЗС Беларусі / Еўрарадыё

Міністэрства замежных спраў выступіла з заявай наконт чацвёртага пакету санкцыяў ЕС супраць беларускага рэжыму.

Традыцыйна ў МЗС санкцыі называюць варожай палітыкай і ціскам на суверэнную Беларусь. Акрамя таго, замежнапалітычнае ведамства заяўляе. што гэта амаль што эканамчная вайна.

"Мы неаднаразова заяўлялі, што санкцыі негатыўна ўплываюць на інтарэсы грамадзян, яны контрпрадуктыўныя і заганныя. Ні пра які іх кропкавы або разумны характар апрыёры не можа быць і гаворкі. Бачым, што і ў ЕС гэта ўсведамляюць. Пры гэтым працягваюць мэтанакіраваныя дэструктыўныя дзеянні супраць насельніцтва, каб, нібыта, "высушыць рэжым фінансава". Па сутнасці гэта мяжуе з абвяшчэннем эканамічнай вайны", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай прэс-службай МЗС.

Таксама афіцыйны Мінск папракае Захад тым, што 80 гадоў таму "аб'яднаная Еўропа" на чале з гітлераўскай Германіяй напала на Савецкі Саюз. 

МЗС пагражае прыняць меры ў адказ, якія адаб'юцца "на інтарэсах грамадзян і кампаній краін Захаду, якія распачалі недружалюбныя крокі".

Завяршаецца заява прапановай пашукаць "акно магчымасцяў" для выхаду з сітуацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.