Вы тут

"Мы страчваем у якасці супрацоўнікаў". Баграцоў — пра будучыню IT у Беларусі

Максім Баграцоў

Максім Баграцоў сцвярджае, што не чакаў такога зацяжнога крызісу, разлічваючы, што здаровы сэнс пачне выяўляцца раней. Гэта меркаванне ён выказаў у час стрыму Еўрарадыё.

— Неяк першы віцэ-прэм'ер заявіў, што ў эканоміцы ёсць інерцыя. Я згодны: правільна пабудаваныя кампаніі і індустрыі па інерцыі працягваюць нешта ствараць і рабіць. Людзі працягваюць рабіць сваю працу, і гэта так проста не раствараецца.

Але ў доўгатэрміновай перспектыве ўсе гэтыя штукі пачынаюць выяўляцца вельмі моцна. Цяпер пытанне нават не ў IT: думайце пра адукацыю і пра тое, што будзе адбывацца з маладымі людзьмі. Мы тут раслі, таму што многія людзі па працы або дзякуючы сацыяльным праектам укладвалі ў адукацыю, спрабавалі пакінуць і захаваць калівы ўнікальных рэчаў, якія былі яшчэ ў Савецкім Саюзе. Напрыклад, фізмат-школы — і дадаючы прагрэсіўныя метады адукацыі ва ўніверсітэтах.

Хваля пайшла ўжо ў бок школ. IT як ніхто залежыць ад прытоку таленавітых, кваліфікаваных, правільна навучаных, з правільнымі прынцыпамі сумленных хлопцаў і дзяўчат. Гэты пласт насельніцтва трапіў пад каток ледзь не больш за ўсіх. Паглядзіце праз тры-чатыры гады, колькі маладых людзей выпусціцца, колькі будзе тут, колькі маладых супрацоўнікаў прыйдзе на працу. Потым адкатайце назад і паглядзіце, што адбылася карэляцыя з нейкімі на першы погляд наўпрост не звязанымі рэчамі.

А ці прыходзяць на змену эмігрантам новыя супрацоўнікі? IT захоўвае колькасць рабочых месцаў, але не якасць работнікаў — адзначае Максім Баграцоў.

— Яшчэ бяруць статыстыку і вырываюць з кантэксту: глядзіце, супрацоўнікі працягваюць з'яўляцца!

Так, на змену самым кваліфікаваным і самым запатрабаваным, якія выязджаюць і ў якіх вышэйшая кампенсацыя і пакупная здольнасць — дый падаткаў яны плацяць больш, — на змену гэтым людзям прыходзяць менш кваліфікаваныя — але гэта зусім не паўнавартасная замена.

Так, каманды будуць працягваць гэта кампенсаваць за кошт глабальных камандаў. Але з пункту гледжання беларускага рынку, з пункту гледжання якасці таго, як адбываецца адукацыя і развіццё структуры ў Беларусі, — мы нясём катастрафічныя страты. Вядома, калі гэта не відавочныя страты, на вуліцы са сцягам — то іх можна і не заўважаць. Пакуль што. Уласна, што і робяць многія ва ўладзе.

Цалкам гутарку з Максімам Баграцовым глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.