Вы тут

Мы не самазванцы — Качанава пра спробы супрацоўніцтва з парламентарыямі з ЕС

Наталля Качанава / sovrep.gov.by

Старшыня верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава прызнала, што сур'ёзных кантактаў з заходнімі калегамі пакуль не атрымліваецца.

Паводле яе слоў, беларускія парламентарыі неаднаразова звярталіся да калег з краін ЕЗ — "прасілі, каб яны пачулі нас: "Паслухайце ад нас інфармацыю, з першых вуснаў, інфармацыю аб тым, што адбываецца ў нашай краіне", распавяла яна ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню.

Вынікам гэтых зваротаў сталі "зрухі" — паводле яе слоў, з беларускімі дэпутатамі гатовыя "працаваць і пачуць тое, што адбываецца ў нашай краіне ад нас" парламентарыі Францыі і Італіі. Старшыня Савета Рэспублікі, праўда, не ўдакладніла пра кантакты якога ўзроўню ідзе гаворка. Але мяркуючы па ўсім поўнамаштабнага супрацоўніцтва пакуль не атрымліваецца.

"Бо мы не самазванцы, мы тыя людзі, якія працуюць у Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, і таму мы будзем рабіць усё для таго, каб канструктыўна супрацоўнічаць з усімі, хто будзе ісці нам насустрач", — сказала Качанава.

Нагадаем, яшчэ ў лістападзе 2020 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі, у якой сярод іншага падтрымаў патрабаванне беларусаў правесці новыя свабодныя выбары і асудзіў дзеянні беларускай Палаты прадстаўнікоў, якая прыняла закон аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства. Акрамя таго Еўрадэпутаты запатрабавалі правесці расследаванні смерцяў грамадзян, якія загінулі падчас пратэстаў, і заклікалі да міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.