"Мы не краіну прадстаўляць едзем. Мы адпраўляем Аляксеева, каб ён не аблажаўся"

Фота Еўрарадыё
Фота Еўрарадыё

16 лютага ў Беларусі выбралі прадстаўніка на "Еўрабачанні 2018". Як і чакалася, ім стала ўкраінская поп-зорка ALEKSEEV. Прадзюсары Уладзімір Максімкаў і Руслан Старыкоўскі разважаюць, наколькі справядлівы выбар журы і тэлегледачоў, навошта Беларусь Аляксееву і ў чым памылкі арганізатараў.

Выйдзіце, і за тры хвіліны скажыце: "Я класны" — у гэтым сэнс "Еўрабачання"

Максімкаў: Як праспяваў Аляксееў, не мае значэння. "Еўрабачанне" — не вакальны, не прафесійны музычны конкурс. Гэта тэлевізійнае масавае шоу, і асноўная фішка ў ім — галасаванне. Вось у чым асноўная рызыка. Выступ любога артыста ацэньваецца комплексна. Выйдзіце, і за тры хвіліны скажыце: "Я класны" — у гэтым сэнс "Еўрабачання".

Старыкоўскі: Засмуціла колькасць тых, хто галасуе. Пераможца вызначыўся пяццю тысячамі — па дзесяць смс на чалавека. Гэта значыць, 500 чалавек вырашылі паездку Аляксеева. Але падчас ўсяго толькі паўфіналаў на ўкраінскім адборы прыходзіць па 130 унікальных смс за ўдзельнікаў... Выбар Белтэлерадыёкампаніі, давайце казаць шчыра, лагічны. У кожнага свая мэта: Аляксееву патрэбны піяр, а БТ — рэйтынг.

Максімкаў: Але я аднаго не разумею. Калі ёсць такі яркі і раскручаны брэнд, як "Еўрабачанне", то чаму Белтэлерадыёкампанія карыстаецца ім адзін раз на год. Калі б гэтая гісторыя з легіянерам Аляксеевым працягвалася не месяц, а шэсць, калі б было круглагадовае папулярнае шоу пра "Еўрабачанне", куды былі б ўцягнутыя нашы артысты, тады можна было б чакаць цікавасці гледачоў.

Калі вы хочаце высокае месца, то гэта павінен быць высокага ўзроўню легіянер, а не які-небудзь

Максімкаў: Калі ў Белтэлерадыёкампаніі ёсць мэта заняць максімальна высокае месца, то трэба разумець, што мы сваімі сіламі не справімся. У нас вельмі слабая індустрыя, і мы не зможам гэтага зрабіць. Таму могуць быць легіянеры, варагі, нанятыя людзі. Але, калі вы хочаце высокае месца, то гэта павінен быць высокага ўзроўню легіянер, цяжкавагавік, а не проста які-небудзь легіянер. Калі ж задача — сабраць як мага больш гледачоў, а яна заўсёды павінна прысутнічаць, тады зрабіце цэлы год шоу, шум-гам, збірайце гледачоў, рэйтынгі, зарабляйце на гэтым. Калі ёсць дзяржаўная задача прадставіць краіну — тады давайце пасылаць сваіх, і не важна, якое месца яны зоймуць. Гэта Shuma, "Крамбамбуля", Міхалок, Саладуха, хоць ансамбль "Бяседа"! Я лічу, што гэта быў бы геніяльны прадзюсерскі ход, адправіць туды "Бяседу" не ў сучаснай аранжыроўцы, а з усімі іх гармонікамі і лыжкамі. Я вас запэўніваю, што высокага месца не будзе. Але шоргату навядуць, журналісты будуць пра іх пісаць, і ўсе скажуць: "Слухайце, дык у іх у краіне нармальна. Глядзіце, якія прыкольныя людзі". А ў выніку мы маем недаціснутасць задачы — усё зроблена ў паўнагі.

 

Усё, што адбывалася сярод нашых артыстаў, засталося ў іх у маленькім чаціку на іх ўласным форуме, засакрэчаным ад усіх

Максімкаў: Калі ALEKSEEV выйграе, у любым выпадку, рэзананс добры. Але ўсе астатнія месца не маюць значэння, таму што краіна Рэспубліка Беларусь, і чалавек ALEKSEEV. Тады давайце скажам, што мы не краіну прадстаўляць едзем. Мы адпраўляем Аляксеева, каб ён там не аблажаўся.

Старыкоўскі: Але прадзюсары Аляксеева ўсё правільна робяць. Тры месяцы да траўня Аляксееў — прадстаўнік "Еўрабачання". Яны будуць нават апускаць слова Беларусь, вось убачыце. Аляксееў едзе на "Еўрабачанне", і ўсё. Гэтага дастаткова для таго, каб "вычэсваць" Расію, Украіну і Беларусь. Мы спрабуем яго прадзюсараў заклікаць да сумлення. Але тут толькі бізнес... Усе выканалі свае задачы, акрамя нашых фіналістаў. Кажаш "А" — кажы "Б", то мы не будзем выходзіць на сцэну, то будзем. Дзіцячы сад.

Максімкаў: Розніца ў тым, што ўсё, што адбывалася вакол Аляксеева, вылілася ў шырокія СМІ і на масы. А ўсё, што адбывалася сярод нашых артыстаў, засталося ў іх у маленькім чаціку на іх ўласным форуме, засакрэчаным ад усіх. І яны там гераічна ваююць. Але акрамя іх, пра гэта ніхто не ведае.

 

Белтэлерадыёкампанія ў дадзеным выпадку выступае не як генеральны прадзюсер, а як "як бы чаго не выйшла"

Максімкаў: Белтэлерадыёкампанія ў дадзеным выпадку выступае не як генеральны прадзюсар. Яна выступае як "як бы чаго не выйшла". Але трэба неяк расці са штонікаў. Мы ж 15-ы год туды ездзім, на "Еўрабачанне", а ў нас усё журы вінаватае, гледачы няправільна галасуюць, а мы наогул ні пры чым.

Старыкоўскі: Беларускія артысты апалчыліся на Аляксеева не з-за пашпарта, а з-за парушэнняў з песняй, якія ён дапусціў. І зноў жа, вельмі сябе непрыгожа павяла Белтэлерадыёкампанія, якая проста затыкала раты. Не трэба было так рабіць. Можна было проста сказаць: хлопцы, так, ён парушыў, але мы, як арганізатары, маем права ўзяць любога артыста (у іх так і напісана ў статуце).

Максімкаў: Я і кажу пра адсутнасць піяру. З любой нагоды патрэбныя тлумачэнні, з любой нагоды трэба выказваць дакладную і ясную пазіцыю. А ў нашага тэлебачання заўсёды толькі адзін стан: "Усё, ціха, ціха". А потым заднім чыслом пачынаюцца нейкія апраўданні. Cамая галоўная парада для Белтэлерадыёкампаніі — прыступаць да падрыхтоўкі чарговага нацыянальнага адбору трэба адразу пасля заканчэння гэтага. Не да новага года, а на наступны дзень.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі