Вы тут

Музыку арыштавалі на 15 сутак: заклікае да бунтарства песнямі

Музыку асудзілі на 15 сутак за "пікет з дапамогай песень" / pixabay.com

5 красавіка 28-гадовага музыку Івана Пірэйку ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска асудзілі за пікет на 15 сутак. Таксама суддзя Марыя Ярохіна наклала арышт на яго гітару, мікрафон і стойку для яго, паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Івана затрымалі ў пятніцу, 2 красавіка, у пераходзе каля метро "Каменная Горка". У рамках музычнага праекта "Пешаходка" ён граў на гітары і спяваў песні. Як вынікае з рапарта, міліцыянтам затэлефанаваў "неабыякавы грамадзянін" і паведаміў, што музыка "спяваў песні на "мове", у якіх узносіў стагоддзе БНР, выкарыстаў выраз "мы пераможам". Міліцыі мужчына сказаў, што "сваімі песнямі музыка заклікае да бунтарства".

На судзе музыка патлымачыў, што пра стагоддзе БНР ён не чуў, пакуль не апынуўся ў камеры на Акрэсціна — там яму сказалі, што святкаванне было каля трох гадоў таму. Пірэйка патлумачыў, што спяваў песні па-англійску, па-руску і па-беларуску.

Па словах Івана, затрымлівалі яго супрацоўнікі АМАПа, якія назваліся і былі без масак. Сведка-міліцыянт Загор заявіў, што затрымліваў яго супрацоўнік у плямістым камуфляжы пасля песні пра БНР і словаў "Мы пераможам". Аднак музыка сцвярджае, што гэты міліцыянт нават не ўдзельнічаў у яго затрыманні. А калі падышлі міліцыянта, ён спяваў песню Макса Каржа.

У Фрунзенскім РУУС на Пірэйку склалі пратакол за пікетаванне з дапамогай песень. Выходныя ён правёў на Акрэсціна. 

На судзе Іван вельмі прасіў суддзю не арыштоўваць яго, бо ён мае хваробы і павінен працягваць лячэнне. Ён патлумачыў, што не ўдзельнічае ў акцыях пратэсту, бо не можа рызыкаваць здароўем. Тым не менш яму прысудзілі 15 сутак. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.