Музыка падаў у суд на мясцовыя ўлады, каб вярнуць сваю бас-гітару

Музыка падаў у суд на мясцовыя ўлады, каб вярнуць сваю бас-гітару

Мінскі музыка Вячаслаў ужо больш за чатыры гады спрабуе вярнуць бас-гітару, якую ў яго забралі міліцыянты, піша праваабарончы сайт "Вясна". 

Здарэнне адбылося 1 жніўня 2015 года ў лесапаласе недалёка ад Ратамкі. Там планавалася правесці нефармальны канцэрт, але яго сарваў АМАП. Усіх прысутных затрымлівалі. Тых, хто прыехаў на ўласным транспарце, штрафавалі за няправільную паркоўку і адпускалі. У музыкаў забралі ўсю апаратуру і інструменты. Вячаслава даставілі ў РАУС, але хутка адпусцілі без пратаколу, аднак не аддалі бас-гітару не вярнулі: маўляў, трэба правесці працэсуальныя дзеянні.

Хлопец некалькі гадоў спрабаваў даведацца ў міліцыі лёс свайго інструмента, але яму адказвалі, што па факце канфіскацыі гітары праводзяцца праверкі.

У жніўні 2019-га Вячаслаў напісаў скаргу ў пракуратуру Мінскай вобласці, аднак яе перанакіравалі ў Ждановіцкі РАУС. Пасля гэтага міліцыянты адказалі яму, што гітара была канфіскаваная ў сувязі з "незаконна арганізаваным канцэртам", а потым яе перадалі ў аддзел культуры Мінрайвыканкама.

"У сувязі з тым, што скончыўся тэрмін вяртання маёмасці, бас-гітара па рашэнні Мінскага раённага выканаўчага камітэта 29.06.2017 года перададзеная пад распіску дырэктарцы Сеніцкага цэнтра культуры Цярэнцьевай Наталлі Іосіфаўне. Для вырашэння пытання па вяртанні бас-гітары, якая належыць Вам, неабходна звярнуцца ў Мінскі раённы выканаўчы камітэт", — гаварылася ў адказе.

Хлопец паехаў у Сеніцкі цэнтр культуры, дзе яму паказалі канфіскаваныя інструменты. "Я гляджу — мой чахол ад гітары, адкрыў яго — там струны мае ляжаць, накрыўка ад прымочкі засталася, і самае цікавае — ліст у падатковую з указаннем майго імя, прозвішча і адрасу ляжыць, які я, аплаціўшы падатковую дэкларацыю, скамячыў і паклаў у чахол на пачатку 2015 года. Але гітары маёй няма".

Дырэктарка, па словах музыкі, паведаміла, што гітары не бачыла — ёй перадалі толькі тое што ёсць у наяўнасці. 

"Тады падумаў, што можа сапраўды ў міліцыі дзесьці засталася, а ў чахол паклалі іншую. Мне сказалі ў Цэнтры: забірай любую і ідзі", — кажа Вячаслаў.

Аднак музыка правёў сваё міні-расследаванне. Ён прагледзеў групы Цэнтра культуры ў сацсетках і знайшоў харэаграфічны ансамбль "Сеніца" з невялікай музычнай падтрымкай. На відэароліку за ліпень 2017 года на адным з канцэртаў Вячаслаў пабачыў сваю бас-гітару, на якой граў музыка гэтага ансамбля.

Потым ён пазнаў свой інструмент на фатаграфіях. Вячаслаў кажа, што гэта даволі рэдкі інструмент, і ацэньвае яго ў 1300 долараў.

Вячаслаў звярнуўся ў Мінскі райвыканкам з просьбай вярнуць маёмасць, якая належыць яму. Чыноўнікі адказалі, што яна даслалі запыт у суд, каб даведацца падставы канфіскацыі інструментаў. У выніку суд адказаў, што бас-гітара Вячаслава не з'яўляецца аб'ектам правапарушэння, таму яе ў ліку іншых перадалі ў карыстанне Цэнтру, палічыўшы інструменты "знойдзенымі".

Пасля гэтага чыноўнікі, па словах Вячаслава, сталі патрабаваць ад яго доказы, што гітара сапраўды належала яму. "Я кажу: у мяне ёсць фатаграфіі, і я магу запрасіць шмат людзей, якія дакажуць, што я граў на гэтым басу. Тым больш міліцыі адразу адказала, што сапраўды бас забіралі ў мяне, а потым спрабуюць выкруціцца, кажуць: "А як дакажаце, што гэты інструмент ваш?" Мы ў цябе забралі бас, а ты цяпер дакажы, што гэта твой, атрымліваецца?" — абураецца музыка.

Пазней гітарыст атрымаў пісьмовы адказ з Мінрайвыканкама. Яму паведамілі, што рашэннем Мінрайвыканкама бас-гітара "ESP Horison BASS" была перададзеная ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага райвыканкама "для яе далейшага выкарыстання ў рабоце Сеніцкага цэнтра культуры і не можа быць вернутая".

З дапамогай праваабаронцаў Вячаслаў падаў на Мінрайвыканкам у суд Мінскага раёна. Ён хоча, каб рашэнне Мінрайвыканкама пра перадачу яго бас-гітары было прызнанае незаконным. "Хацелася б менавіта свой інструмент вярнуць, таму што такога больш знайсці я не магу", — заяўляе хлопец.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі