Муж Юліі Несцярэнкі трэніруе іншую

Вольга Асташка ўжо выйграла Кубак Беларусі, на якім Несцярэнка не ўдзельнічала.
Алімпійская чэмпіёнка Афінаў Юлія Несцярэнка збіраецца на Алімпіяду 2012 года, але зноў прапускае спаборніцтвы. На Кубку Беларусі вядомая бягуха не ўдзельнічала, а яе муж і трэнер Дзмітрый Несцярэнка прывёў да перамогі маладую Вольгу Асташка.

“Згодна з індывідуальным планам спартсменкі, які быў зацверджаны напрыканцы мінулага года, старт Юліі Несцярэнкі на Кубку Беларусі не планаваўся”, — тлумачыць Настасся Марыніна, прэс-сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

У федэрацыі Еўрарадыё распавялі, што апошні Кубак Беларусі быў адборам да каманднага чэмпіянату Еўропы. Але галоўны старт сезона — чэмпіянат свету, які адбудзецца ў жніўні. Паводле слоў трэнера, плануецца, што на чэмпіянаце свету Юлія выступіць. Калі набярэ форму. 

Дзмітрый Несцярэнка: “Рыхтуецца да чэмпіянату Беларусі. Калі набярэ добрую форму — выступіць. А там да чэмпіянату свету застанецца месяц”.

Што тычыцца вучаніцы Вольгі Асташкі, то Дзмітрый Несцярэнка лічыць яе перспектыўнай спартсменкай.

Дзмітрый Несцярэнка: “Някепская дзяўчынка, стараецца. Складана заглядваць далёка, але паціху вынікі растуць”.

У Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Еўрарадыё расказалі, што апошняга выніку, з якім Асташка перамагла на Кубку краіны, для ўдзелу ў чэмпіянаце свету недастаткова.

“На дыстанцыі 100 метраў яна стала пераможцам з вынікам 11,54 секунды, — кажа прэс-сакратар Настасся Марыніна. — Для таго, каб трапіць на чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы, кваліфікацыйны нарматыў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый — 11,30 секунды. Беларуская федэрацыя  ўстанавіла нарматыў у 11,18 секунды”.

Такім чынам, і Юліі Несцярэнцы, і Вользе Асташцы трэба цяжка трэніравацца, каб выступіць на бліжэйшых топ-спаборніцтвах.

А вось былы трэнер Несцярэнкі Віктар Ярашэвіч, які у 2004 годзе зрабіў з яе алімпійскую чэмпіёнку, рыхтуе новае пакаленне. Праўда, адзначае, што такой бягухі, якой была Несцярэнка, у яго  пакуль няма.

Віктар Ярашэвіч: “Вядома, ёсць вучаніцы, але такіх, якой была Несцярэнка, пакуль няма, — разважае Віктар Рыгоравіч. — Але надзея ёсць. Дзве вучаніцы — гэта Анастасія Навумчык і Святлана Кіцель. Спадзяюся, у 2012 годзе павінны быць на Алімпійскіх гульнях”.

На мінулай Алімпіядзе ў Пекіне Несцярэнка спынілася ў паўфінальным забегу з вынікам 11,26. Другой сенсацыі не атрымалася.

Але былы трэнер Юліі спадзяецца, што яна здолее набраць форму да лонданскай Алімпіяды 2012 года.

“Я думаю, што да Алімпіяды 2012 года яна таксама падрыхтуецца і возьме ўдзел, — спадзяецца Віктар Ярашэвіч. — Мы на яе разлічваем у эстафеце 4 па 100. Ці атрымаецца ў яе ў індывідуальнай праграме — я не ведаю”.

Беларускі суд зробіць Арамнава невыязным?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі