Вы тут

МУС, ВоенТВ, Нацыянальная школа прыгажосці: хто ездзіць на "недружалюбных" Škoda

Чэшскі аўтабрэнд вельмі папулярны сярод беларусаў. І далёка не толькі сярод прыватных асоб

Улады Беларусі абвінавацілі "Шкоду" ў недружалюбных дзеяннях і забаранілі ўвозіць новыя легкавікі гэтай маркі ў Беларусь. Выглядае гэта ўсё вельмі дзіўна: бо шмат гадоў да таго закупляць "шкоды" не саромеліся дзяржаўныя органы самых розных узроўняў.

Прасачыць гісторыю гэтых закупак можна па афіцыйных тэндарах. Еўрарадыё вывучыла іх, каб даведацца, хто менавіта ездзіць у Беларусі на варожых "шкодах", запраўляючы іх за падаткі беларусаў.

МУС

"Шкоды" і ДАІ, фота: minsk.gov.by

Самы відавочны адказ — Міністэрства ўнутраных спраў. І гэта не дзіўна: "Шкода Актавія" — адна з мадэляў, за рулём якой сочаць за выкананнем ПДР супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. А тэндары на іх рамонт (дарэчы, забарона на "Шкоду" дальнабачна не датычыцца запчастак) рэгулярна размяшчаюць упраўленні ўнутраных спраў кожнага з абласных выканкамаў Беларусі.

Вылучаецца з агульнага спіса Гарадзеншчына: у красавіку 2021 года сілавікі адтуль запытваюць на рамонт сваіх "шкод" аж 35,5 тысячы рублёў. Ці то працы было больш, чым у іншых рэгіёнах, ці то стаўленне да казённай маёмасці менш адказнае. Хоць, магчыма, там проста больш "шкод" у аўтапарку або закупляліся яны раней. Таму і такія запыты.

Следчы камітэт

Седан "Актавія" любяць і ў Следчым камітэце. На іх рассякаюць следчыя як мінімум Віцебскай і Магілёўскай абласцей і горада Мінска.

Камітэт судовых экспертыз

Superb, фота: skoda-auto.cz

Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці любяць не толькі чэшскі брэнд, але і камфорт: у іх аўтапарку прысутнічае Škoda Superb — флагманская мадэль кампаніі. На такой самай, толькі іншай, ездзіць, напрыклад, прэзідэнт Чэхіі.

Дарэчы, Superb у Расіі не збіраюць. Гэта самая чэшская "Шкода" з усіх.

Віцебскі гарвыканкам

Чыноўнікі з Віцебска сціплейшыя за судовых экспертаў з Гродна. У аўтапарку гарвыканкама ёсць "народны" Rapid.

Нацыянальная школа прыгажосці

Дзяржаўнае мадэльнае агенцтва "Нацыянальная школа прыгажосці" катае сваіх супрацоўнікаў і падапечных на Škoda Oktavia Eleganсе — версіі "Актавіі" ў камплектацыі "ўсё ўключана". Яшчэ не флагманскі Superb, але ўжо з больш мяккімі сядзеннямі, чым у даішнікаў.

ВоенТВ

Супрацоўнікі тэлеканала Міністэрства абароны "ВоенТВ" на сюжэты, якія прапагандуюць службу ў беларускім войску, выязджаюць на "варожай" Škoda Oktavia. Але ў звычайнай камплектацыі — не як у мадэляў з Нацыянальнай школы прыгажосці.

Ваенная камендатура

За Мінскай ваеннай камендатурай таксама лічыцца Škoda Oktavia. У лістападзе мінулага года ведамства размясціла тэндар на замену шкла ў аўтамабілі. Няўжо нехта з ваеннаабавязаных хацеў уцячы ад восеньскага прызыву, разбіўшы акно?

МНС

Гомельскае абласное ўпраўленне МНС у тэндары на рамонт сваёй "шкоды" не пазначыла мадэль, але грузавых аўтамабіляў, якія можна выкарыстоўваць як спецтэхніку для тушэння пажараў, у актуальнай лінейцы аўтабрэнда няма. Часам ратавальнікам патрэбны і легкавы аўтамабіль: напрыклад, калі трэба зняць БЧБ-сцяг з невялікай вышыні.

Гісторыя пытання

Rapid, фота: skoda-auto.cz

З 5 траўня ў Беларусі набудзе моц пастанова Саўміна №240 ад 23 красавіка 2021 года "Аб прымяненні спецыяльных мер", якой уводзяцца санкцыі супраць прадукцыі шэрагу замежных кампаній. У "недружалюбных дзеяннях у дачыненні да беларускага народа" абвінавачаны і аўтавытворца "Шкода", які адмовіўся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, калі ён будзе праводзіцца ў Беларусі.

Аўтамабілі гэтай маркі будуць забароненыя для ўвозу і продажу ў межах ЕАЭС. Пакуль да канца незразумела, што будзе са "шкодамі", якія збіраюць на заводзе ў Расіі (а гэта самая папулярная на беларускім рынку мадэль — Rapid). Беларускія санкцыі распаўсюджваюцца на прадукцыю чэшскай групы кампаній Škoda Auto, а за зборку "шкод" ў Расіі адказвае ТАА "Фальксваген Груп Рус". Расійскія аўтамабілі з зялёнай "крылатай стралой" на лога, магчыма, і пранясе ад гневу беларускай забароны.

"Шкода" — папулярная марка ў Беларусі. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў, за 2020 год у нашай краіне з салонаў было прададзена 3682 "шкоды" — гэта шостае месца па аб'ёме продажаў сярод аўтабрэндаў. "Чэхаў" абыходзяць толькі аўтамабілі расійскага "АўтаВАЗа", беларуска-кітайскага "Джылі", французскага "Рэно", нямецкага "Фальксвагена" і карэйскага "Кія".

Мы не будзем пералічваць усе дзяржаўныя арганізацыі, якія выстаўляюць тэндары на рамонт сваіх "шкод". Іх дзясяткі: ад раённых выканаўчых камітэтаў да медыцынскіх устаноў. Як бачым, "Шкода" карыстаецца попытам не толькі ў шараговых грамадзян РБ.

Наўрад ці чыноўнікі цяпер будуць пазбаўляцца ад "недружалюбных беларускаму народу" аўтамабіляў. Як вынікае з дзяржаўных закупак на абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, катацца на "шкодах" у найбліжэйшы час яны працягнуць.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.