МУС Украіны: Пасля атрымання грамадзянства беларус можа ваяваць за Украіну

Даведка Еўрарадыё: Герашчанка Антон Юр’евіч, дарадца міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава. Па адукацыі эканаміст, з 2002 па 2006 гады — дэпутат Харкаўскага гарсавета. З 2005 па 2010 гады — старшыня Краснаградскай райдзяржадміністрацыі. Сябра партыі “Народны саюз “Наша Украіна””.

Еўрарадыё: Сярод беларусаў гуляюць страшныя гісторыі пра нашых землякоў, якіх абрабавалі, збілі, згвалтавалі на дарогах Украіны. Маўляў, не тое, што на машынах — на цягніках ва Украіну не едзьце, бо банды злодзеяў чакаюць вас ледзь не на кожным кроку. Сапраўды, так з крыміналам у вас усё дрэнна?

Антон Герашчанка: На сёння ў нас зона небяспекі знаходзіцца ў Данецкай і Луганскай абласцях — там, дзе праводзіцца антытэрарыстычная аперацыя супраць банд тэрарыстаў і наёмнікаў, накіраваных да нас Пуціным, і якія ім фінансуюцца і ўзбройваюцца. Ва ўсіх астатніх абласцях краіны фон злачыннасці не перавышаны і ніякіх такіх эксцэсаў не адбываецца. Таму грамадзяне Беларусі могуць спакойна вандраваць па ўсёй Украіне апроч Данецкай і Луганскай абласцей. Што тычыцца паездак беларусаў у даўно любімы імі Крым: я хацеў бы папрасіць беларусаў у знак салідарнасці з украінскім народам туды больш не ездзіць. Прыязджайце да нас у Адэсу, на Нікалаеўскае і Херсонскае ўзбярэжжа, прыязджайце на Азоўскае мора. Не спансіруйце сваімі грашыма Расію, якая цынічна і нахабна ў нас адабрала Крым. Бо ў наступны раз на месцы Украіны можа апынуцца Беларусь, дзе Пуціну тэрмінова спатрэбіцца абараняць інтарэсы рускамоўных грамадзян.

Еўрарадыё: Але калі раптам нешта здарыцца, дапамогу з боку ўкраінскай міліцыі рэальна атрымаць ці ўсе сілы кінутыя на АТА?

Антон Герашчанка: У нас дастатковая колькасць супрацоўнікаў міліцыі нясе службу па падтрыманні парадку ва ўсіх астатніх частках Украіны. З мабільнага тэлефона, калі ў беларуса здарылася нейкая праблема, можна набраць 102 і такім чынам злучыцца з дзяжурнай часткай міліцыі. Паведаміць пра любое правапарушэнне. Зразумела, калі грамадзянін Беларусі здзейсніў ДТЗ, альбо груба парушае правілы дарожнага руху, то ён будзе пакараны ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны. Гэта адміністратыўныя штрафы. Таму просім вас, як і ў Беларусі кіраваць аўтамабілем акуратна.

Еўрарадыё: Раней даводзілася чуць шмат гісторый пра немагчымасць праехаць па ўкраінскіх дарогах без хабару даішнікам ледзь не праз кожны кіламетр, цяпер сітуацыя з гэтым змянілася?

Антон Герашчанка: Любы супрацоўнік ДАІ, які бярэ хабар, і гэта будзе даказана відэазапісам альбо паказаннямі сведак, будзе звольнены з органаў унутраных спраў. Таму хабар супрацоўнікам ДАІ даваць не трэба. Але як паказвае практыка, у 95% выпадкаў менавіта самі правапарушальнікі прапаноўваюць супрацоўнікам грошы за тое, каб не плаціць штраф. Гэта зразумела, бо звычайна штраф большы разоў у 5-10 за тую суму, якую прапаноўваюць супрацоўнікам ДАІ. Мы вядзем працу, каб больш жорстка караць нашых супрацоўнікаў за розныя парушэнні і просім грамадзян іх не правакаваць. Парушыў — заплаці штраф!

Еўрарадыё: Ад зоны правядзення АТА да беларускай мяжы шлях не блізкі, але не выключаны варыянт, што асобныя сепаратысты паспрабуюць уцячы менавіта ў гэтым накірунку. Ці разглядаеце такую верагоднасць і што плануеце рабіць, каб перакрыць беларускі накірунак?

Антон Герашчанка: Галоўны накірунак, адкуль да нас траплялі баевікі і куды яны спрабуюць уцячы — мяжа з Расіяй Данецкай і Луганскай абласцей і мяжа Украіны з Крымам. Які фактычна стаў галоўным плацдармам для падрыхтоўкі баевікоў пры поўнай падтрымцы расійскага кіраўніцтва. Таму, накірунак украіна-беларускай мяжы ў дадзеным выпадку малаверагодны — яна дастаткова далёка ад асноўнага тэатра антытэрарыстычнай аперацыі. Аднак, задача, якая ставіцца нашым памежнікам — фіксаваць перасячэнне мяжы ўсімі асобамі, якія знаходзяцца ў вышуку. А калі такія асобы пры перасячэнні мяжы будуць выяўленыя, то яны будуць затрымлівацца і перанакіроўвацца ў следчы ізалятар.

Еўрарадыё: Па ранейшаму не сціхаюць размовы наконт магчымасці ўварвання на тэрыторыю Украіны расійскіх войскаў. У тым ліку, і з тэрыторыі Беларусі. Днямі Дзмітрый Тымчук нават апублікаваў адмыслова сабраныя звесткі пра колькасць расійскіх войскаў у Беларусі. Як у вашым ведамстве ацэньваюць верагоднасць такой пагрозы?

Антон Герашчанка: Міністэрства ўнутраных спраў ацэньвае пагрозу ўварвання расійскіх войскаў як малаверагодную. Найперш, па той прычыне, што Пуцін ведае, украінская армія ў сціслыя тэрміны здолела аднавіць сваю баяздольнасць. А баявы дух нашых салдат пасля апошніх перамог над сепаратыстамі, узброенымі, у тым ліку, расійскімі танкамі і ўстаноўкамі “Град”, вельмі высокі. Гэта ўжо не тая армія, якая была яшчэ ў лютым-сакавіку — абсалютна не падрыхтаваная ні да якіх пагроз, абезгалоўленая, нашпігаваная расійскімі шпіёнамі. А высокая баяздольнасць азначае, што мы будзем змагацца да апошняга патрона. Другое, Пуцін ужо папярэджаны сусветнымі лідарамі пра тое, што калі ён уварвецца на тэрыторыю Украіны з рэгулярнай арміяй, то супраць яго будзе ўведзены так званы трэці этап санкцый. А гэта поўная адмова краін Захаду набываць энерганосьбіты ў Расіі. Фактычна, гэта блакада па прыкладзе Ірана.

Еўрарадыё: Сёння ўжо нават расійскія эксперты не хаваюць таго, што Расія дапамагае ДНР і ЛНР прынамсі “людскімі рэсурсамі”…

Антон Герашчанка: Яны не проста сюды едуць — іх рыхтуюць на тэрыторыі Расіі супрацоўнікі ГРУ, ФСБ. Усё гэта з’яўляецца часткай расійскай дзяржаўнай палітыкі. І навошта Пуцін гэта робіць відавочна — ён баіцца за сваю ўладу ў Расіі. Пасля таго, як ва Украіне адбылася “рэвалюцыя годнасці” і дыктатар Януковіч быў выгнаны, для Пуціна стала зразумелым, што ва Украіны ёсць усе шансы стаць багатай еўрапейскай краінай. І таму ён стварыў “зоны нестабільнасці” ва Украіне — адабраў Крым і спрабаваў адабраць Данбас. Прычым, не толькі Данбас — у яго ў планах было разваліць Украіну, забраць 10 абласцей паўднёвага усходу, дзе знаходзіцца асноўны прамысловы і чалавечы патэнцыял. Але не атрымалася, бо нават на Данбасе ідэю аддзялення ад Украіны падтрымлівалі не больш за 20-25% людзей. І тое, тады, калі ўсё гэта было ў прыгожых цукерачных абгортках. Сёння на Данбасе колькасць грамадзян, які імкнуцца да аддзялення, мінімальнае. Бо жыхары ўбачылі, што тэрарысты — гэта проста нягоднікі, якія рабуюць, забіваюць людзей і нічога больш з сабой яны не прынеслі.

Еўрарадыё: Мяжа Украіны з Расіяй, ці перакрытая яна ўжо нарэшце?

Антон Герашчанка: Ёсць участкі мяжы, якія прыкрытыя так званым “агнявым прыкрыццём” — там любая машына альбо КАМАЗ з баевікамі знаходзяцца ў зоне дасягальнасці артылерыйскага стрэлу ці ўдару з паветра. Бо ёсць пэўныя ўчасткі, дзе мы пакуль не выйшлі да самой мяжы — там аказваецца вельмі сур’ёзнае супраціўленне сепаратыстаў з выкарыстаннем мінамётаў, артылерыі, танкаў. Расія прадставіла ім фактычна ўсё, апроч авіяцыі і ядзернай зброі. Таму пэўныя праблемы ёсць, але сітуацыя зусім не такая, як была месяц таму — ужо беспакарана правезці на тэрыторыю Украіну значную колькасць танкаў і бронетэхнікі ў іх не атрымліваецца.

Еўрарадыё: Шмат страхаў расказваюць пра фільтрацыйныя лагеры, якія пабудаваныя для жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, раскажыце больш падрабязна пра жудасці гэтых лагераў?

Антон Герашчанка: Ніякіх ні фільтрацыйных, ні канцэнтрацыйных лагераў не існуе — гэта ўсё вынікі хворай фантазіі спадара Кісялёва і той прапагандысцкай машыны, якую ён узначальвае. Мы наадварот зрабілі ўсё для таго, каб жыхары Данбаса не сталі выпадковымі ахвярамі тэрарыстычных разборак і маглі выехаць адтуль і жыць у нармальных умовах. Па ўсёй Украіне падрыхтаваныя дзіцячыя лагеры, базы адпачынку куды жыхары Данбаса прыязджаюць і дзе яны могуць знаходзіцца — мы іх там кормім, утрымліваем і даём магчымасць адпачыць ад жахаў вайны.

Еўрарадыё: Ёсць нейкія спецыяльныя праграмы для бежанцаў?

Антон Герашчанка: Так, ёсць праграма падтрымкі. Да прыкладу, мы зрабілі так, каб пенсіянеры, якія выехалі з Данбаса, маглі атрымліваць пенсію па сваім новым месцы жыхарства. Але ў сувязі з тым, што ўжо на мінулым тыдні пачалося вызваленне значных тэрыторый Данбаса, быў вызвалены шэраг гарадоў, дзе агулам жыве каля 500 тысяч жыхароў Данбаса, людзі ўжо пачалі вяртацца ў свае дамы. Учора (размова адбывалася 9 ліпеня, — Еўрарадыё) мы запусцілі электрычку ў Славянск з Харкава, у горадзе адноўленае водазабеспячэнне, ідзе размініраванне тэрыторыі. Карацей, вяртаецца нармальнае жыццё.

Еўрарадыё: Дарэчы, частка уцекачоў з Данбаса прыехала ў Беларусь. Давялося чуць меркаванне, што да нас выехалі тыя, хто быў нейкім чынам звязаны з сепаратыстамі — дастаткова для таго, каб баяцца праверкі СБУ…

Антон Герашчанка: Пэўная частка грамадзян, якія дэманстравалі відавочна прарасійскія погляды, сапраўды можа знайсці сабе нейкі прытулак у Беларусі. Бо па нашым заканадаўстве, як, мяркую, і па заканадаўстве Беларусі, за гэта прадугледжанае крымінальнае пакаранне — заклікі па падзела краіны, звяржэння дзяржаўнай улады. зразумела, што такія грамадзяне будуць хавацца. Аднак я думаю, што большасць грамадзян Украіны, якія прыехалі з зоны АТА ў Беларусь, хутчэй, маюць у вашай краіне сваякоў, знаёмых, сяброў. Але тым не менш, праблема, якую вы закранулі, яна ёсць.

Еўрарадыё: Шэраг беларусаў выказвае жаданне дапамагчы Украіне ў змаганні з сепаратыстамі і наёмнікамі. Але, да прыкладу, дарадца прэзідэнта Парашэнкі Юрый Луцэнка ў інтэрв’ю Еўрарадыё, выказаўся супраць таго, каб за незалежнасць Украіны ваявалі добраахвотнікі з іншых краін. Як вы ставіцеся да такога жадання беларусаў дапамагчы?

Антон Герашчанка: Гісторыя добраахвотніцкага руху даволі даўняя. Да прыкладу, калі была Англа-бурская вайна (Войны Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі і Аранжавай свабоднай дзяржавы супраць Вялікабрытаніі — першая з 1880 па 1881 гады, другая 1899 па 1902 гады, — Еўрарадыё), то за бураў заступіліся жыхары царскай Расіі, і яны ехалі ў Паўднёвую Афрыку і змагаліся на баку бураў супраць англійскіх каланізатараў. Сёння сапраўды ёсць такія грамадзяне Беларусі, якія хочуць ваяваць на баку Украіны. Бо лічаць, што дапамагаючы Украіне змагацца з тэрарыстычнай пагроза з боку Расіі, яны дапамагаюць такім чынам абараніць Беларусь ад магчымых нападаў з боку Пуціна. А што ў яго ў галаве пасля падзей гэта года, ўявіць немагчыма! Юрыдычна не грамадзянін Украіны не мае права атрымаць зброю і змагацца на баку Украіны. Але ёсць звароты ў адпаведныя органы грамадзян Беларусі і другіх краін з просьбай даць ім грамадзянства з тым, каб яны мелі магчымасць пайсці ва Украінскую армію ці міліцыю. Такія выпадкі ёсць. Я не магу сказаць, што яны масавыя, але яны ёсць.

Еўрарадыё: А то ў нас праваахоўныя органы пагражаюць, што беларусаў-добраахвотнікаў будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці за “наёмніцтва”…

Антон Герашчанка: Сапраўды, калі ў заканадаўстве Францыі ёсць палажэнне аб замежным легіёне — заканадаўства дазваляе замежнікам службу па абароне Францыі ў гэтым легіёне. Наша заканадаўства такое не дазваляе. Як і заканадаўства Беларусі. Таму, калі беларус хоча ваяваць за Украіну, то ён павінен прыехаць ва Украіну, напісаць заяву аб прадстаўленні яму ўкраінскага грамадзянства, і калі ён яго атрымае, то нароўні з украінскімі грамадзянамі ён зможа абараняць Украіну са зброяй у руках. Але ён ужо будзе грамадзянінам Украіны беларускага паходжання.

Еўрарадыё: Днямі дэпутат Валынскага аблсавета Украіны Ігар Гузь напісаў у Фэйсбуку, што дапамагае стварэнню атраду супраціву “Пагоня”, які фарміруецца з добраахвотнікаў з Беларусі. Але калі я ў яго запытаўся, як не грамадзяне Украіны змогуць за яе ваяваць, то атрымаў адказ, што яны неяк будуць гэтае пытанне вырашаць. Але як зразумела з вашых слоў, рашэнне можа быць толькі адно?

Антон Герашчанка: Так, заканадаўства дае такое права, ваяваць за Украіну толькі грамадзянам Украіны. Таму тым грамадзянам, якіх збірае паважаны дэпутат абласнога савета, таксама неабходна будзе прайсці працэдуру атрымання грамадзянства. Рашэнне аб наданні грамадзянства прымае прэзідэнт Украіны. Пасля праверкі аб адсутнасці ў гэтых грамадзян судзімасцяў, крымінальных схільнасцяў і гэтак далей.

Еўрарадыё: У вас шмат кажуць пра неабходнасць люстрацыі. Як вы ставіцеся да самой гэтай ідэі і да неабходнасці правядзення люстрацыі сярод супрацоўнікаў МУС у прыватнасці?

Антон Герашчанка: Правядзенне люстрацыі — гэта патрабаванне Майдана. Бо на думку і Майдана, і большасці грамадзян Украіны ва ўладзе знаходзяцца далёка не прафесійныя і не самыя якасныя кадры. Часцяком кадры расстаўляліся па прынцыпе асабістай адданасці ці сваяцтва. Што прыводзіла да кумаўства і трагічных наступстваў. Да прыкладу, сын Віктара Януковіча Аляксандр фактычна кіраваў праваахоўнымі органамі Украіны, не маючы на тое ні законных правоў, ні паўнамоцтваў. Я цалкам згодны з Аляксандрам Лукашэнкам, які на пытанне: “Чаму так адбываецца ва Украіне?” адказаў: “А вось не трэба было сыну прэзідэнта займацца бізнесам і лезці ў кіраванне дзяржавай”. Таму цяпер у нас адбываецца замена старога чыноўніцтва на новых маладых хлопцаў. Але не магу сказаць, што гэты працэс стаў масавым — у нас так і не прыняты закон “Аб люстрацыі”. Які быў распрацаваны, унесены ў Вярхоўную Раду, але яшчэ не разглядаўся. А такі маштабны працэс павінен праходзіць на падставе закона, які б тлумачыў, па якім прынцыпе праводзіць тую ці іншую люстрацыю. Да прыкладу, у канцы 80 гадоў мінулага стагоддзя ў асобных краінах сацлагера былым функцыянерам камуністычнай партыі і супрацоўнікам дзяржбяспекі забаранілі на пэўны тэрмін удзельнічаць у палітыцы, вылучацца і быць абранымі. У нас жа цяпер пытанне стаіць больш вострае, як быць з жыхарамі Данбаса, з мясцовымі палітычнымі дзеячамі. З тымі, хто адкрыта выступаў на баку тэрарыстаў, за далучэнне Данбаса да Расіі. Па кожным такім выпадку павінна быць расследаванне, вывучацца відэазапісы публічных выступаў, паказанні сведак. Павінен быць прыняты закон, па якім ім трэба забараніць абірацца і працаваць у органах улады. Бо гэта нонсенсам будзе, калі чалавек, які лічыць, што Украіна павінна быць падзеленая на частк,і будзе дапушчаны да органаў улады. Такое пытанне аб дэсепаратызацыі Данбаса стаіць у нас на павестцы дня.

Еўрарадыё: Сітуацыя з лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якую пачалі судзіць у Варонежы расійскім судом. Расійскія юрысты даказваюць з размове з Еўрарадыё, што ў гэтым выпадку ні расійскія, ні міжнародныя нормы не парушаюцца. Якое ваша меркаванне?

Антон Герашчанка: Скажыце, а асабіста вы верыце, што Надзея Саўчанка па ўласным жаданні апынулася на тэрыторыі Расіі? Я — не. Надзею Саўчанку затрымалі тэрарысты, яна некалькі тыдняў утрымлівалася ў Луганску. І яны бачылі, што да яе вялікая павага з боку ўкраінскага народа, як да фактычнай адзінай жанчыны — баявога лётчыка, якая сама выклікалася паехаць у зону АТА. Прычым, яна не была ў зоне ў якасці верталётчыцы — яна прыехала з грузам гуманітарнай дапамогі для салдат на перадавой і патрапіла па нешчаслівай выпадковасці ў палон да тэрарыстаў. Яе незаконна вывезлі на тэрыторыю Расіі — гэта міжнароднае выкраданне чалавека. Адпаведныя міжнародныя арганізацыі, мяркую, дадуць ацэнку такім дзеянням, якія больш падыходзяць для асобных афрыканскіх краін, але не Расійскай Федэрацыі, якая прэтэндуе на значнае месца ў сусветнай палітыцы. Гэта ўвогуле нейкі выпадак міжнароднага тэрарызму. У нас ёсць прапанова разгледзець гэта пытанне ў ААН і папрасіць даць Расіі статус спонсара сусветнага тэрарызму. Такі статус мелі Афганістан, Судан, Паўночная Карэя і Расія цяпер сваімі дзеяннямі пачала станавіцца падобнай да гэтых краін.

Еўрарадыё: Вы некалькі разоў узгадалі Майдан, а пад адным са здымкаў на вашай старонцы ў Фэйсбуку я ўбачыў подпіс: “Міліцыя з народам”. Дзе мяжа, калі міліцыя з народам, які праз несанкцыянаваную акцыю адстойвае свае правы, а калі яна на баку закона і дзеючай улады?

Антон Герашчанка: Жан Жак Русо 250 гадоў таму распрацаваў канцэпцыю “Грамадзянскай дамовы” — народ дазваляе ўладзе кіраваць сабой да таго моманту, пакуль гэтая ўлада не пачынае рабіць адмоўныя дзеянні супраць народа. З пункту гледжання ўкраінскага закона, Майдан не быў законнай акцыяй, але ён быў справядлівай акцыяй, адказам на тое беззаконне, якое вытвараў рэжым Януковіча ў дачыненні да ўкраінскага народа. Так, міліцыя што ў Беларусі, што ў ЗША, што ў Еўропе, што ва Украіне мае права і павінна перапыняць правапарушэнні — ёсць тыя ж фанаты футбольныя, якія, калі даць ім волю, паламаюць дзесяткі рук і ног. Тут пытанне такое: ці не выкарыстоўваецца міліцыя супраць народа з надзвычайнай сілай? Народ па Канстытуцыі і Украіны, і Беларусі мае права збірацца мірна, без зброі і выказваць сваё меркаванне. Забараняецца са зброяй у руках штурмаваць органы ўлады. Але часам улада пераходзіць усе межы магчымага трывання народа… Вось, гэта ва Украіне і адбылося.

Антон Герашчанка падчас мітынга пратэсту ля расійскай амбасады ў Кіеве.

Еўрарадыё: Ужо чуваць размовы пра новы Майдан, магчыма, нават узброены, як вы такую верагоднасць ацэньваеце?

Антон Герашчанка: Думаю, што прэзідэнт Украіны Пётр Аляксеевіч Парашэнка абіраўся для таго, каб умацаваць нашу краіну, прывесці яе ў Еўропу. Так, шмат нашых грамадзян пасля Майдана не вераць уладзе — згубілі давер за тыя дзесяцігоддзі, што былі. І любыя дзеянні спрабуюць патлумачыць як вяртанне да мінулага. Але на мой погляд, прэзідэнт не даваў падстаў пачаць сумнявацца ў яго праеўрапейскім курсе, у курсе на ўмацаванне дэмакратыі ва Украіне.

Фота з архіва Антона Герашчанкі, www.novostimira.com.ua, www.donbass-info.com, inforesist.org

Відэа: 24tv.ua, hromadske.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі