“Не будзе ў Беларусі Майдана, бараніць інтарэсы рускіх мы сюды не паедзем"

Цалкам размову з "добраахвотнікам" Уладзіславам Новым можна паслухаць вышэй.

Даведка Еўрарадыё: Уладзіслаў Новы — сапраўднае імя Аляксандр Марчук. Нарадзіўся ў 1992 годзе ў Іркуцку, вывучаў філасофію ў Новасібірскім дзяржаўным універсітэце, пасля паездкі ва Украіну быў выключаны з 2 курса за прагулы, сябра партыі Эдуарда Лімонава “Іншая Расія”.

Там, дзе адбываецца змаганне за адраджэнне славы, сілы Расіі — там ёсць радзіма, яе інтарэсы

Еўрарадыё: Ва Украіну вы паехалі ў сакавіку, калі нармальны студэнт павінен думаць пра вучобу і будучую сесію, як было прынятае рашэнне ехаць?

Уладзіслаў Новы: Для мяне пытанне ехаць ці не ехаць не стаяла. Я палітычны актывіст з вялікім стажам — пачаў займацца гэтым з 17 гадоў. Усё маё жыццё было падпарадкаванае пэўным прыярытэтам, як бы гэта пафасна ні гучала — служэнню Радзіме.

Еўрарадыё: Вы ехалі ў іншую краіну, як вы там маглі служыць сваёй Радзіме?

Уладзіслаў Новы: Я не лічу тыя тэрыторыі чужой краінай. У нас заўжды была краіна, але тут я кажу не пра тэрытарыяльнае разуменне, а метафізічнае: там, дзе жывуць рускія, дзе ёсць інтарэсы рускага насельніцтва, там, дзе адбываецца змаганне за адраджэнне славы, сілы Расіі — там ёсць радзіма, яе інтарэсы і тое месца, дзе ёй можна служыць.

Еўрарадыё: У Нямеччыне, да прыкладу, жыве калі мільёна рускіх, якіх “прымушаюць” гаварыць па-нямецку, а частка гэтай краіны і ўвогуле некалі была кавалкам сацыялістычнай імперыі СССР, чаму было не паехаць туды “бараніць інтарэсы”?

Уладзіслаў Новы: ГДР ніколі не ўваходзіла ў склад Расіі — яна заўжды была чужой краінай, саюзнікам ці не саюзнікам. І людзі, якія ехалі ў Нямеччыну, яны ехалі ў іншую краіну, а рускія, якія жылі ў Крыме ці на Данбасе, нікуды не ехалі, але раптам чужая краіна прыйшла да іх. У Нямеччыну ехалі свядома, ведаючы, што там давядзецца гуляць па чужых правілах, а тут жылі сабе рускія, і раптам ім кажуць, што цяпер яны будуць называцца ўкраінцамі і дзеці іх будуць украінцамі.

Быў час, калі стала зразумела, да чаго ўсё ідзе на Данбасе, і што трэба абараняцца

Еўрарадыё: Адкуль у студэнта грошы на тое, каб з Новасібірска даехаць да Украіны, набыць бронекамізэлькі, нажы і біты, якія вы туды везлі, на тое, каб там жыць?

Уладзіслаў Новы: Мы ехалі ва Украіну групай і ў нас былі грошы. Гэты былі грошы, атрыманыя ад розных грамадскіх арганізацый — мы аб’яўлялі збор грошай ў інтэрнэце на сайтах, да якіх мелі доступ. Частка грошай была атрыманая ад розных палітычных сіл, ад грамадскіх арганізацый, частка — сабраная па знаёмых. Грошы былі невялікія, але нам хапіла на праезд, пэўнае абмундзіраванне, на ежу. Ну, а пражыванне нам там забяспечылі. Спачатку мы збіраліся ў Данецк, але з-за пэўных прычын у нас здарыліся тэхнічныя няспраўнасці, і мы патрапілі ў Крым.

Еўрарадыё: Нешта я не зразумеў: калі наконт Крыма можна спрачацца, казаць, што ён заўжды быў рускім, але яго Украіне Хрушчоў “падараваў”, то Данбас заўжды быў украінскім, а вы ад пачатку ехалі менавіта туды “служыць Расіі”?!

Уладзіслаў Новы: Быў ён заўжды ўкраінскім ці не, таксама можна спрачацца. Калі памятаю, гэта быў падарунак рускіх цароў. Тут мы можам зваліцца ў абмеркаванне ўкраінскай ідэнтычнасці як такой, але ёсць тэорыя, што сам украінскі праект быў у свой час створаны Польшчай і Аўстрыйскай імперыяй. І да пачатку 20 стагоддзя ніхто не казаў пра Украіну як такую. З’яўленне новых нацый — справа нармальная, і можна шмат на гэтую тэму спрачацца. Але паколькі нацыя — утварэнне ў большасці выпадкаў штучнае, то на Данбасе жыве насельніцтва, якое ў большасці лічыць сябе рускімі. Для народа важныя мова, культура, рэлігія і гэтак далей. А на што накіраваны новы “ўкраінскі праект”? Падчас Майдана гэта стала відавочна — украінская мова і адмена статуса рускай мовы як рэгіянальнай, культурная русафобія, а ў рэлігіі перавага за раскольніцкай царквой Філарэта ды грэка-каталіцкай на Захадзе краіны. Данбасу гэта ўсё чужое, таму можна казаць пра яго, як пра рускую, у сэнсе ідэнтычнасці, тэрыторыю. Да ўсяго, самае фундаментальнае права — права нацыі на самавызначэнне. Некалі Украіна скарысталася гэтым правам і выйшла з СССР, чаму цяпер гэтым правам не можа скарыстацца Данбас? Нам расказваюць, што гэта тэрыторыя іншай дзяржавы. Ну, была адна дзяржава — стала іншая дзяржава.

Еўрарадыё: Нешта я не прыгадаю, каб у Маскве з разуменнем паставіліся да права на самавызначэнне чачэнскай нацыі…

Уладзіслаў Новы: Пасля першага Хасавьюрцкага пагаднення Чачня дэ-факта атрымала незалежнасць. Але гэта працягвалася да таго моманту, пакуль Шаміль Басаеў не пачаў паход на Дагестан — выявіў форму новага дзяржаўнага строю Чачні, як агрэсіўнага і не маючага права на існаванне. Мы добра памятаем, што там была за рэспубліка: пра рынкі рабоў, радыкальны ісламізм і пра тое, хто гэта ўсё спансіраваў! Мне падаецца, што ёсць розніца паміж рэспублікай, якая заяўляе, што яна будзе весці захопніцкія паходы, праводзіць тэрарыстычныя акты і краінай, якая хоча жыць асобна. А, можа, нават далучыцца да іншай краіны.

Еўрарадыё: Ну, канешне, гэта апраўдвае цалкам разбураны артылерыяй Грозны, зачысткі ў аулах, танкі на вуліцах…

Уладзіслаў Новы: Хай прагучыць цынічна: давайце сыходзіць са сваіх нацыянальных інтарэсаў. А наш нацыянальны інтарэс — адраджэнне Расіі, рускай цывілізацыі, фармаванне свайго культурнага ядра. Можа, тое, што мы заўжды стараемся думаць пра прынцыпы справядлівасці і ўзаемнай павагі. Але каб у нас была магчымасць гэтыя прынцыпы несці ў свет, нам банальна трэба выжыць. А цяпер гэта ўжо пад вялікім пытаннем.

Еўрарадыё: У сярэдзіне сакавіка вы накіроўваецеся ў Данецк, дзе ў адрозненне ад Крыма, яшчэ не наступіла актыўная фаза супрацьстаяння, і маеце з сабой бронекамізэлькі, біты, нажы — навошта яны вам былі?

Уладзіслаў Новы: Калі на пачатку сакавіка мы пачалі рыхтавацца ў паездку, ужо з Данецкам было ўсё зразумела — там ужо прайшла хваля сутыкненняў, там ужо стралялі. Прычым, стралялі не з рускага боку — у рускага боку, выбачайце – прарускага, на той момант зброі яшчэ не было. Там ужо ездзілі ўзброеныя банды баявікоў “Правага сектара”. Гэта ўжо быў час, калі стала зразумела, да чаго ўсё ідзе, і што трэба абараняцца.

Еўрарадыё: Замест Данецка вы патрапілі ў Крым — як зарыентаваліся, куды і да каго звяртацца з прапановай сваіх паслуг?

Уладзіслаў Новы: Мы атрымалі кантакты мясцовай самаабароны, мясцовых інфармацыйных структур, якія працавалі па падрыхтоўцы рэферэндуму, па забеспячэнні бяспекі. Частку кантактаў мы атрымалі праз знаёмых, частку — праз інтэрнэт, і проста выйшлі на падначаленыя Аксёнаву структуры і прапанавалі свае паслугі. Добраахвотнікі прымаліся з радасцю, ніякіх праблем не ўзнікла. Нас засялілі, частка нашай групы пайшла служыць у апалчэнне, запіс у якое быў адкрыты проста ў ваенкаматах, а я застаўся працаваць у інфармацыйным аддзеле. Функцыі: кантроль абстаноўкі ў горадзе, як рэпарцёры хадзілі і здымалі інфармацыю, пісалі тэксты, кантралявалі экзіт-полы для прадстаўлення звестак ужо ў дзень рэферэндуму. Яшчэ ў дзень рэферэндуму дапамагалі забяспечваць бяспеку. Нешта сярэдняе паміж скаўтам, прапагандыстам і рэпарцёрам. Праўда, мяне гэта не вельмі задавальняла. Група наша “заточвалася” на тое, каб у Данецку ўдзельнічаць у абароне рускага насельніцтва, забяспечваць бяспеку на мітынгах, а тут давялося займацца зусім іншым у структурах, якім наша дапамога не вельмі і патрэбная была. Не, мы выканалі сваю частку працы, але ж мы імкнуліся адразу патрапіць туды, дзе “пагарачэй”. А ў Крыме ўжо не толькі апалчэнне атрымлівала зброю, але і было зразумела, што там нічога сур’ёзнага не адбудзецца.

“Ветлівыя людзі” прынеслі ў Крым мір

Еўрарадыё: Такім чынам, вы мэтанакіравана ехалі ў іншую краіну парушаць яе законы?

Уладзіслаў Новы: Такімі ж парушэннямі закона я займаўся і ў Расіі. Я лічу, што ў такіх выпадках, калі гаворка ідзе пра такія матэрыі, то інтарэсы народа, інтарэсы краіны павінны быць вышэй за нейкія законы.

Еўрарадыё: У Расіі вы таксама парушалі закон у бронекмізэльцы і з бітай?

Уладзіслаў Новы: На шчасце, не. І спадзяюся, што ў Расіі такім займацца не давядзецца. Але ў несанкцыянаваных мерапрыемствах браць удзел даводзілася — у маладосці я займаў больш непрымірымую пазіцыю адносна дзеючай улады. Цяпер шмат што змянілася, шмат што Крым змяніў, знешнія падзеі. Я перайшоў з апазіцыі дэструктыўнай у апазіцыю канструктыўную. Я не скажу, што адабраю тую палітыку, што ў нас праводзіцца, наша ўлада дзіўна дзейнічае па “ўкраінскім пытанні”. Ад пачатку было дадзенае нешта накшталт гарантый таго, што, па меншай меры, не будзе артабстрэлаў мірнага насельніцтва, а цяпер і журналістаў забіваюць, і снарады на тэрыторыю Расіі залятаюць, а ў нас нейкія незразумелыя эмоцыі з гэтай нагоды…

Еўрарадыё: Хто ўсё ж такі “аддзяліў” Крым — мясцовыя жыхары ці “ветлівыя людзі” з расійскай арміі?

Уладзіслаў Новы: Я скажу так: “ветлівыя людзі” туды прынеслі мір. Інакш бы пачаліся міжэтнічныя сутычкі паміж рускімі і татарамі. І адразу б туды прыехала вялікая колькасць “змагароў за сусветны халіфат” у падтрымку крымскіх татар і ўсё б скончылася сумна — міжэтнічнай разнёй. Так што, вялікі дзякуй Пуціну, што ён туды ўвёў войскі. Нягледзячы на тое, якімі б інтарэсамі ён сам пры гэтым ні кіраваўся.

Ва Украіну мяне накіравала арганізацыя, якая не наўпрост падкантрольная ўладзе, але падтрымлівала з ёй пэўныя кантакты

Еўрарадыё: Па заканчэнні так званага “крымскага рэферэндуму” вы накіраваліся ў Адэсу, чаму менавіта туды?

Уладзіслаў Новы: На нашу паездку грошы дала, у тым ліку, адна грамадская арганізацыя Расіі, гэтак жа як і мы зацікаўленая ва “ўкраінскім пытанні”, у дапамозе рускаму насельніцтву. Вы ж разумееце, калі ты варышся ў палітычнай сферы, у цябе заўжды будуць людзі, да якіх па тых ці іншых пытаннях трэба звяртацца. Калі ў Крыме ўсё завяршылася, мы з імі скантактаваліся, і яны сказалі, што на дадзены момант нашы паслугі патрэбныя ў Адэсе.

Еўрарадыё: Гэта “грамадская арганізацыя” і людзі, да якіх “трэба звяртацца” не з ФСБ выпадкова звязаныя?

Уладзіслаў Новы: ФСБ у нас не займаецца такімі пытаннямі. У Расіі ёсць дзве сферы, на якія ты мусіш быць завязаны, калі ты хочаш хоць нешта з сябе ўяўляць: альбо Адміністрацыя прэзідэнта і звязаныя з ёй рэгіянальныя эліты, альбо Дзярждэпартамент ЗША. А ФСБ не займаецца куратарствам палітычных структур.

Еўрарадыё: Такім чынам, у Адэсу вас накіравала грамадская арганізацыя пры прэзідэнцкай адміністрацыі?

Уладзіслаў Новы: Гэта арганізацыя, якая не наўпрост падкантрольная ўладзе як “Маладая гвардыя”, “Адзіная Расія” ці “Нашы”, але — так, падтрымлівала з ёй пэўныя кантакты. У Расіі палітыка даволі цікавая рэч, тут заўжды людзі спрабуюць утрымацца, балансуючы паміж сваімі інтарэсамі і інтарэсамі тых, хто дазваляе ім хоць неяк выжываць.

Еўрарадыё: Чым вы займаліся ў Адэсе?

Уладзіслаў Новы: Там была часта інфармацыйна-разведвальная праца: мы высвятлялі настроі ў горадзе, што адбывалася, якія расстаноўкі сіл прысутнічаюць, бралі ўдзел у распрацоўцы варыянтаў таго, што рабіць далей. У Адэсе пратэст быў выключна мірны і не моцна адрозніваўся ад таго, што адбываецца ў Расіі падчас выбарчай кампаніі. Са сваёй спецыфікай — там мы прасоўвалі адзін праект, у Расіі на выбарах ты прасоўваеш іншы праект. Не сам — дапамагаеш прасоўваць. У той час там перыядычна адбываліся сутычкі паміж Антымайданам і Майданам. Але яны былі “дробныя”, як падчас мітынгаў у той жа Расіі. Мы спрабавалі ўплываць на гэтую сітуацыю, але праблема была ў абмежаванасці рэсурсаў — мы ж не былі непасрэдна завязаныя з расійскім кіраўніцтвам. І мы рабілі што маглі, фактычна “на каленцы”.

Еўрарадыё: Усё пералічанае — гэта функцыі прафесійнага разведчыка!

Уладзіслаў Новы: У маім выпадку — гэта была дзейнасць непрафесійнага разведчыка. Што б там ні казала кіеўская ўлада, але ў Адэсе Крэмль нам ніяк не дапамагаў. І трагедыі ў Адэсе можна было б пазбегнуць, калі б туды былі “ўлітыя” сродкі, пры дапамозе якіх можна было б забяспечыць нармальную абарону Антымайдана. Калі людзі згарэлі па той простай прычыне, што ў іх не было чым абараняцца. Таму, дарэчы, там не было ніякіх наёмнікаў — у Адэскага Антымайдана наймаць некага проста не было ніякіх магчымасцяў. Людзей з Расіі я там не сустракаў, у Адэсе мы з сябрам былі адзінымі расіянамі.

Еўрарадыё: У Крым вы паехалі нібыта па ўласнай ініцыятыве, але ў Адэсу па заданні, колькі вам плацілі?

Уладзіслаў Новы: Нічога. Грошай на харчаванне, жытло і гэтак далей нам хапала — першапачаткова была сабраная нармальная сума, якой пры нармальным распараджэнні хапіла на ўсе тыя 2,5 месяца, якія мы там былі. Ніякага звыш таго ўзнагароджання мы не атрымлівалі і больш за тое — калі гэтыя грошы закончыліся, то мне давялося лезці ў свае ўласныя. Па факце, я ўсе свае накапленні ранейшыя патраціў! Ніякіх грошай для рэалізацыі сур’ёзных праектаў у Адэсе, а тут ужо гаворка ідзе пра сур’ёзныя сумы, нам так і не прыйшло, і я быў вымушаны адтуль з’ехаць. Накіраваўся ў Маскву, і тут здарыліся захопы адміністрацый у Данецку і Луганску. Я звязаўся з тымі людзьмі, з якімі першапачаткова звязваўся, і накіраваўся ў Луганск. Праўда, сур’ёзнага фінансавання я так ў Маскве і не атрымаў. Але калі ў Данецку і Луганску нешта пачалося, то я меркаваў, што хаця б нейкае мясцовае фінансаванне ў іх ёсць — аднекуль жа ўзяліся людзі, якія нешта захапілі, у якіх ёсць зброя! А калі пачалася эскалацыя канфлікту, то зразумела, што тыя ці іншыя паслугі там могуць спатрэбіцца. У Маскве я атрымаў грошы, якіх хапіла толькі на дарогу і прыжыванне.

Еўрарадыё: І што ў Луганску?

Уладзіслаў Новы: У Луганску я затрымаўся тыдні на два. Там была абсалютная паласа няўдач, звязаная з тым, што сіл у той арганізацыі, якую я прадстаўляў, банальна не хапала на тое, каб там хоць на нешта ўплываць. І не было выхаду на мясцовых людзей, якія б гэтыя рэсурсы мне на прапагандысцкую дзейнасць маглі даць — у Луганску панаваў рэвалюцыйны хаос і пастаянна мянялася структура кіравання. У Данецку ж я ведаў, людзі больш паспяхова пачалі выконваць тую працу, якая ім была дадзеная — па інфармацыйна-парпагандысцкай лініі. Але раптам прыйшло паведамленне пра неабходнасць вярнуцца. Прычым, адклікалі ў Расію ўсіх, хто працаваў па Украіне. З чым гэта было звязана, я не ведаю. Магу толькі меркаваць, што гэта было звязана з пераломам у палітыцы Крамля адносна ўкраінскіх падзей. І Крэмль пачаў ціснуць на тых людзей, якія арганізавана аказвалі дапамогу рускаму насельніцтву. Відаць, знайшлі такія рычагі, перад якімі людзі апынуліся бяссільнымі.

У “ЛНР” ёсць добраахвотнікі з Польшчы, з іншых краін Еўропы, з Беларусі таксама ёсць

Еўрарадыё: Ці шмат на той момант у Луганску было “добраахвотнікаў” з Расіі?

Уладзіслаў Новы: Адсоткаў 10. І тое, гэта не наёмнікі-баявікі, а авантурысты-добраахвотнікі. Нейкіх арганізаваных баявых структур, міфічных чачэнцаў, якімі ўсіх палохаюць, я не бачыў — увогуле ніводнага чачэнца там не бачыў. Ведаю, што цяпер ёсць добраахвотніцкі рух, людзі з Расіі туды едуць, і я спадзяюся, што іх будзе больш. І не толькі з Расіі, але і з іншых краін. Я ведаю, што там ёсць добраахвотнікі з Польшчы, з іншых краін Еўропы, з Беларусі таксама такія добраахвотнікі ёсць. Я і мясцовае насельніцтва вельмі ўдзячныя гэтым людзям.

Еўрарадыё: А што наконт зброі, яна ідзе з Расіі?

Уладзіслаў Новы: Большасць зброі было захоплена на мясцовых ваенных складах, у аддзяленнях СБУ і міліцыі. З Расіі зброя правозіцца, але гэта не цэнтралізаваныя пастаўкі Крамля — гэта робяць такія вось грамадскія арганізацыі. Так, яны могуць быць звязаныя з уладамі, але трэба разумець, што ў Расіі звязанасць з уладай і праца на ўладу — розныя рэчы. У нас такое палітычнае поле, што заўжды будзеш з кімсьці звязаны. Усе вядуць сваю гульню і часам зразумець, хто каго выкарыстоўвае, ты ўладу ці ўлада цябе, даволі складана.

Еўрарадыё: Што вы скажыце на тое, што канфлікт у Крыме і на ўсходзе Украіны быў арганізаваны расійскімі спецслужбамі?

Уладзіслаў Новы: Калі б у нас быў такі геніяльны Крэмль, то там бы і Майдана ніякага не адбылося. Крэмль у нас дэманізуецца апазіцыяй і тымі краінамі, якім патрэбны знешні вораг. І Расію абвінавачваюць ва ўсіх грахах. І ў Расіі частка праўладных палітыкаў вядзе стратэгію: “Так, мы такія дрэнныя, хітрыя і злосныя — бойцеся нас!” Спектакль! Не было ў Крамля ніякага плана, усё адбылося стыхійна. Калі прааналізаваць дзеянні Крамля, які да апошняга ставіў на Януковіча, робіцца зразумелым, што тут больш заслуг мясцовага насельніцтва і грамадскіх арганізацый, а не Крамля.

Еўрарадыё: Вы ехалі ва Украіну з бітамі і бронекамізэлькамі — гэта азначае, што біць майданаўцаў гатовыя былі. А забіваць?

Уладзіслаў Новы: Правакацыйнае пытанне. На вайне можна забіць, на вайне можна быць забітым. Асабіста я рад, што мне нікога не давялося забіць. Ну, а калі б давялося — на тое і вайна.

Еўрарадыё: Быў страх загінуць за рускія ідэалы ў чужым краі?

Уладзіслаў Новы: Я не лічу смерць за ідэалы смерцю ні за што. Страх быў, але на тое ён і страх, каб з ім змагацца. Чытаў малітвы раніцай і на сон. Мы — першае пакаленне, якое прывыкла жыць у камфорце, але гэта не было нармальным для нашых продкаў — яны заўжды абаранялі сваю зямлю, сваю краіну, свае ідэалы.

Еўрарадыё: Як у Новасібірску паставіліся да вашых дзеянняў ва Украіне?

Уладзіслаў Новы: Тыя, хто за Новарасію — падтрымліваюць, а супраць Новарасіі — мяне асудзілі. Тыя, каму ўсё гэта абыякава, цікавяцца, навошта я туды папёрся і ўпэўненыя, што я там атрымаў гіганцкія грошы — інакш, навошта б я туды пёрся?! Сярод палітычна ангажаваных людзей дзесьці 80% — за, і 20% — супраць. Гэта не вельмі добрыя суадносіны, якія паказваюць, што ў нас у Расіі ёсць вельмі сур’ёзныя праблемы з ідэалогіяй, з усведамленнем сябе, з сама ідэнтыфікацыяй.

Еўрарадыё: А вы б хацелі, каб 100% расіян падтрымлівалі дзеянні Расіі на ўсходзе Украіны і ў Крыме?

Уладзіслаў Новы: Ну, мы ж на вайне! Ёсць добры прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. Гэта калі да прыняцця рашэння можна спрачацца колькі заўгодна, але калі рашэнне прынятае і краіна ўступае ў ваенныя дзеянні, нават не краіна, а сам народ, то павінна быць калі не адзінства думак, то хаця б, каб не было такога, што нехта пад агнём бегае, а нехта… Я сябе не маю на ўвазе, але ж там ёсць добраахвотнікі, якія не меншыя героі, чым тыя, хто быў у Абхазіі, у Сербіі, у Прыднястроўі. Яны хоць неяк, але гонар нашай краіны абаранілі. У той час, як іншая частка насельніцтва, і сярод іх шмат моладзі, якія здзекуюцца з гэтага геройства, дазваляюць сабе смяяцца з гэтых людзей. Калі ты прытрымліваешся іншых поглядаў, калі твой дзед ваяваў за Бандэру — едзь ва Украіну і ваюй на іншым баку, але не трэба быць нейкай амёбай і проста здзекавацца з людзей, што нейкія ідэалы маюць.

Еўрарадыё: Дарэчы, ведаю, што вас у Новасібірску за прапаганду вашых ідэй па вяртанні з Украіны добра пабілі...

Уладзіслаў Новы: Так, сапраўды, быў канфлікт, звязаны з палітыкай, але больш на ўзроўні прыватных адносін. Тое, што гэтыя людзі падтрымліваюць Майдан, а я не падтрымліваю, не азначае, што драка адбылася па палітычных прычынах. Ну, атрымаў некалькі сінякоў. Не лічу, што гэта нешта такое, пра што мужчына павінен казаць.

Еўрарадыё: Плануеце яшчэ паехаць ва Украіну?

Уладзіслаў Новы: Так. Але пакуль я яшчэ не пачынаў займацца пытаннямі фінансавання. Ведаю толькі, што ў той арганізацыі, на якую я працаваў, грошай няма — у іх саміх праблемы з фінансаваннем. Можа, калі нічога не знойдзецца, паеду самастойна. Наколькі я ведаю, цяпер на Данбасе кормяць і даюць дзе пажыць.

Я не бачу ніякіх прычын для таго, каб беларусы пачалі займаць антырускую пазіцыю

Еўрарадыё: Ведаю, што пэўны час таму вы былі ў Беларусі — таксама са шпіёнскай місіяй? Можа, і нам тут хутка чакаць абаронцаў “рускага свету”?

Уладзіслаў Новы: Не, ніякай такой дзейнасці не праводзіў. І калі ў вас не будзе “Майдана”, у выніку якога прыйдуць да ўлады людзі, якія будуць заяўляць, што маскалёў трэба на нажы, калі ў вас не будзе міжэтнічных сутыкненняў, то… Іх у вас і не назіраецца, а я вашага прэзідэнта вельмі паважаю, нягледзячы на тую дзіўную пазіцыю, якую ён цяпер заняў. Але, відаць, яму лепш бачна з пункту гледжання яго нацыянальных інтарэсаў. У вас адбываецца і фармаванне вашай нацыянальнай культуры, вашай мовы і адначасова не адбываецца прыніжэння ідэнтычнасці рускага свету. Я не бачу ніякіх прычын для таго, каб беларусы пачалі займаць антырускую пазіцыю. У выніку чаго рускія будуць вымушаныя неяк супрацьстаяць гэтаму. Мне б такое было вельмі дзіўным, бо мне ваша краіна вельмі спадабалася і вельмі хацелася б, каб Расія шмат у чым была на яе падобная — чыста, вельмі ветлівая міліцыя…

Еўрарадыё: Бачыце, і ў нас калі што ёсць свае ветлівыя людзі. Але мне вось цікава, калі ў Расіі ёсць шмат чаго, што трэба мяняць да лепшага, то чаму б расіянам вырашэннем гэтых праблем не заняцца, а вы лезеце ў справы суседняй краіны. Дарогі б у сябе зрабілі, пенсіянераў і дзяцей забяспечылі…

Уладзіслаў Новы: Ну, я якім чынам магу на дарогі паўплываць?! Я не кажу, што ў нас у краіне ўсё ідэальна. Але чаму ў нас з дарогамі праблема? Бо усім на ўсіх напляваць. А пляваць нам таму, што ў нас няма нейкага агульнага разумення, дзеля чаго гэта ўсё. А разуменне “для чаго” ідзе ад цывілізацыйнага базісу. І цяпер Расія робіць свой выбар — удзелам у гэтых падзеях яна спрабуе асэнсаваць сябе. Спрабуе зразумець: яна з’яўляецца асобнай цывілізацыяй ці трэцясортнай краінай? Ці, можа, мае рацыю “Правы сектар”, які сцвярджае, што Расіі трэба разваліцца на 7 асобных дзяржаў? І пакуль мы фазу вызначэння далейшага гістарычнага шляху Расіі не пройдзем, у нас так і будуць дарогі незразумела ў чым!

Еўрарадыё: Рабіць свой цывілізацыйны выбар на крыві ўкраінцаў — гэта нешта. І доўга гэта ўсе будзе працягвацца?

Уладзіслаў Новы: Складанае пытанне і складана рабіць прагнозы, бо сітуацыя пастаянна змяняецца (размова адбывалася 30 чэрвеня, — Еўрарадыё). Вайна будзе працягвацца, бо ўжо занадта шмат крыві праліта. І вайна выгадная Кіеву — ён завязвае на сябе радыкалаў накшталт “Правага сектару”, забяспечваючы іх зброяй і адначасова забівае іх у сутычках з апалчэннем. Бо інакш, калі б не гэта вайна, ва Украіне ужо адбываўся б чарговы, праванацыяналістычны Майдан. А кіеўскія алігархі робяць на вайне добрыя грошы. Ды і адступаць апалчэнцам ужо няма куды: пайшлі размовы пра фільтрацыйныя лагеры, чуваць крыкі, што усіх на Данбасе трэба пазабіваць. Так што, вайна будзе працягвацца.

Еўрарадыё: А добраахвотнікаў і сёння ў Расіі вярбуюць?

Уладзіслаў Новы: У гэтым няма вялікага сакрэту — інфармацыю пра вярбоўку можна даволі лёгка знайсці ў інтэрнэце.

Фота: http://news.ngs.ru, http://vk.com/id22418998

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі