Ці законна расійскі суд збіраецца судзіць украінскую лётчыцу?

Захопленая ў палон сепаратыстамі ДНР украінская лётчыца Надзея Саўчанка нечакана знайшлася ў СІЗА расійскага Варонежа. Больш за тое, яе ўжо абвінавацілі ў “пасобніцтве ў забойстве расійскіх тэлежурналістаў”, і 9 ліпеня яе пачаў судзіць расійскі суд.

Вечарам 8 ліпеня МЗС Украіны выступіў з заявай “адносна незаконнага вывазу ў Расію захопленай тэрарыстамі Надзеі Саўчанка”.

“Адкрыта выкрадаючы грамадзян Украіны на тэрыторыі нашай дзяржавы, расійскія ўлады не толькі парушаюць усе нормы міжнароднага права, але і ўжо пераходзяць элементарныя нормы маралі”, — гаворыцца ў заяве. МЗС патрабуе ад расійскага боку не толькі магчымасці сустрэчы з лётчыцай, але і пакарання вінаватых у яе выкраданні.

                                          Надзея Саўчанка ў палоне

Такім чынам, Украіна абвінаваціла Расію ў парушэнні міжнароднага права. Вядомы маскоўскі юрыст Артур Айрапетаў упэўнівае, што з юрыдычнага пункту гледжання тут усё законна.

Артур Айрапетаў: “З пункту гледжання расійскага працэсуальнага заканадаўства такія меры абсалютна законныя: калі нейкі грамадзянін дзе-небудзь здзейсніць нейкае злачынства супраць грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, то следчыя органы РФ маюць права распачынаць крымінальныя справы, прымаць па іх працэсуальныя рашэнні, у тым ліку і затрымліваць асоб на іншых тэрыторыях”.

Крымінальную ж справу супраць “невядомага кола асоб, якія здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі Украіны”, распачалі яшчэ месяц таму, заўважае расійскі юрыст. І дадае, што ў выпадку з Надзеяй Саўчанка захаваныя не толькі расійскія, але і міжнародныя нормы.

Артур Айрапетаў: “У прыватнасці, Канвенцыя аб абароне правоў чалавека. Яе ж не выкралі аднекуль, яе перадалі расійскаму боку. Увогуле, гаворка ідзе ледзь не пра паўафіцыйную прапазіцыю. Бо прыхільнікі ДНР, пагаджаемся мы з гэтым альбо не,  лічаць сябе абсалютна законнымі і легітымнымі дзяржаўнымі органамі, якія з дапамогай прынятых імі працэдур перадалі злачынцу, назавём гэта так, расійскаму боку”.

Ва ўкраінскага юрыста Карла Волаха аргументы Артура Айрапетава выклікаюць абурэнне.

Карл Волах: “Якім чынам, якое дачыненне ў прынцыпе мае расійскае правасуддзе да дзеянняў чалавека, які з’яўляецца ваеннаслужачым сваёй краіны, ваяваў на тэрыторыі сваёй краіны супраць, дарэчы, неграмадзян Расіі? А калі там і ёсць грамадзяне Расіі, то цікава ведаць: у якасці каго яны там выступаюць?”

                         Карл Волах

Суразмоўца Еўрарадыё звяртае ўвагу і на дзеянні расійскіх памежнікаў, якія прапусцілі праз мяжу не толькі чалавека без дакументаў, але і відавочна палоннага. У суправаджэнні людзей, якія афіцыйныя паўнамоцтвы канваіраў не маюць.

Карл Волах: “Што азначае “ўлады ДНР”? ДНР што, нейкае ўтварэнне, якое мае ўлады? Яно кімсьці прызнанае, у тым ліку Расіяй? На якіх падставах яны могуць перамяшчаць чалавека за мяжу, якую Расія лічыць украінска-расійскай?”

Такімі дзеяннямі, папярэджвае Карл Волах, расійскія ўлады прызнаюць факт супрацы з сепаратыстамі на ўсходзе Украіны. Праўда, расійскі ваенны эксперт Віктар Баранец не бачыць у такім “прызнанні” нічога страшнага.

Віктар Баранец: “А што тут хаваць, сувязі з ДНР? Ніхто і не хавае, што мы хвалюемся за стан спраў у гэтых рэспубліках. Што мы не толькі хвалюемся, але і дапамагаем тымі ж чалавечымі рэсурсамі — у нас сотні людзей з’ехалі туды паваяваць. І добраахвотнікі, і казакі — гэта ж ужо ні для кога не сакрэт”.

Што да суда над украінскай лётчыцай, то, упэўнівае Віктар Баранец, усё будзе рабіцца без парушэнняў.

Віктар Баранец: “Зараз самае важнае, каб з гэтай жанчынай абыходзіліся строга ў межах як расійскіх, так і міжнародных правілаў. Безумоўна, у яе будуць адвакаты і суд абавязаны будзе выслухаць аргументы і потым прыняць аб’ектыўнае працэсуальнае рашэнне. Вельмі важна ўнікнуць судовага і юрыдычнага сваволля. Я думаю, што расійскі бок разумее, з кім і з чым ён мае справу, і ўсё будзе вырашацца менавіта такім чынам”.

Тым не менш, цуды расійскага правасуддзя ўжо пачаліся: выявілася, што Надзея Саўчанка… сама прыйшла ў Расію! Пехам, без дакументаў, пад выглядам уцякачкі. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Следчага камітэта Расіі.

Ці сапраўды ў свеце практыкуюць тыя метады, якімі скарысталася расійскае правасуддзе ў выпадку з Надзеяй Саўчанка? Найбольш паслядоўна і ўпарта пераследуе асоб, што здзейснілі злачынствы супраць яго грамадзян, Ізраіль. Але нават гэтая краіна не дазваляе сабе дзейнічаць так, як зрабілі ў дачыненні ўкраінскай лётчыцы, упэўнівае экс-дарадца прэм’ер-міністра Ізраіля Нетаньяху, палітолаг Эліна Бардач-Ялава.

Эліна Бардач-Ялава: “Ізраільскае кіраўніцтва, якое вядомае сваёй практыкай знішчэння і якое апошнім часам ёй актыўна карыстаецца, ніколі ў жыцці не рабіла такіх рэчаў. Калі ты шукаеш тэрарыста, які здзейсніў злачынства супраць цывільнага насельніцтва, то найперш ты вызначаеш, што гэты тэрарыст — усё яшчэ патэнцыйная пагроза. Потым, калі робіцца вядомым, што ён бярэ ўдзел у падрыхтоўцы новага тэракта, яго могуць проста знішчыць. Няма такога, каб тэрарыста выкрадалі, вялі ў турму, прычым з дапамогай нейкіх трэціх асоб”.

                              Эліна Бардач-Ялава

І раіць хаця б гіпатэтычна ўявіць сабе сітуацыю, калі ЗША звяртаецца да Аль-Каіды з просьбай выкрасці для іх правасуддзя нейкага злачынцу. У выпадку з любой іншай краінай сітуацыя, што здарылася з Надзеяй Саўчанка, выклікала б вялізны міжнародны скандал. З санкцыямі, нотамі пратэсту і выклікамі  пасла “на кілім”. А вось у тым, што будзе скандал у дачыненні да Расіі, ізраільскі эксперт моцна сумняваецца. Маўляў, у свеце проста ўпэўніліся, што ніякія аргументы да Крамля не даходзяць.

Фота: joinfo.ua, www.tourdnepr.com  з архіваў Эліны Бардач-Ялавай і Карла Волаха  Відэа: http://www.sledcom.ru/actual/407115/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі