Камбат “Данбаса”: Я не магу не дазволіць беларусам ваяваць за Украіну

Еўрарадыё: Некалькі дзён таму вы звярнуліся ў адпаведныя органы Украіны з просьбай даць грамадзянства ці від на жыхарства шэрагу грамадзянаў іншых краін, у тым ліку і беларусам, каб яны мелі законныя падставы служыць у батальёне “Данбас”. Атрымалі адказ?

Сямён Сяменчанка: Пакуль адказу няма. Я перачакаў, зрабіў дыпламатычную паўзу і зараз буду непасрэдна звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, буду дамагацца асабістай сустрэчы. Бо тут магчымыя некалькі варыянтаў: альбо прайшоў недастаткова вялікі тэрмін для таго, каб бюракратычная машына пракруцілася, альбо гэта не робіцца з нейкіх палітычных меркаванняў. У кожным выпадку, пакуль няма ніякага станоўчага выніку.

Еўрарадыё: Што за палітычныя меркаванні могуць перашкодзіць у сённяшняй сітуацыі зрабіць так, каб тыя, хто хоча ваяваць за непадзельнасць Украіны, маглі гэта афіцыйна рабіць? І як вы да такіх меркаванняў ставіцеся?

Сямён Сяменчанка: Разумееце, цяпер актыўна вядуцца спробы замірыцца з Расіяй, выкарыстоўваючы міжнародных пасярэднікаў. Але я лічу, што гэта няправільна. Бо замірыцца сёння з Расіяй можна альбо за кошт здачы нацыянальных інтарэсаў, альбо за кошт перамогі, таму што супярэчнасці ў нас невырашальныя. І я мяркую, што цяпер, каб не раздражняць Расію, улады цалкам могуць пазбягаць любых дзеянняў, якія можна трактаваць тым ці іншым чынам.

Што да майго стаўлення да гэтых “палітычных меркаванняў”, то на маю думку, гэта памылка. Цяпер існуе дзве асноўныя стратэгіі: абапірацца альбо на свой народ, альбо на так званае грамадскае меркаванне заходніх эліт. Частка з якіх карумпаваная Расіяй, а частка проста мае гандлёвыя інтарэсы ў Расіі. І іх лёс туземцаў, якіх штодня забіваюць ва Украіне падчас перамір’я, не цікавіць.

Нашыя ўлады робяць спробы абапірацца на другую стратэгію, і гэта няправільна. Бо неабходна абапірацца на свой народ. Мы абсалютна самадастатковая краіна, і калі прымем неабходныя меры для таго, каб скінуць з сябе тых п’явак, што гадамі рабуюць наш народ, расцягваюць бюджэт, то мы зможам самі нармальна жыць. Таму я дрэнна да гэтага стаўлюся.

Еўрарадыё: І так вядома, што і ў вашым батальёне, і ў іншых добраахвотных фармаваннях ваююць беларусы, расіяне, грузіны, грамадзяне іншых краін. Якія “палітычныя меркаванні” перашкаджаюць іх “легалізаваць”?

Сямён Сяменчанка: Вось і ў мяне такое ж пытанне, на якое я адказу не маю — яго трэба задаваць прэзідэнту. Я не ведаю, якія ў іх там аргументы.

Еўрарадыё: Вы правялі дадатковы набор у батальён “Данбас”. Цяпер у ім 600 чалавек. Колькасць беларусаў у батальёне павялічылася? Раней вы казалі, што іх у вас 15 чалавек.

Сямён Сяменчанка: Усіх грамадзян Беларусі, Расіі, Грузіі, Іспаніі, нават некалькі грамадзян ЗША мы прымаем не ў наш асноўны лагер, але ў той, што знаходзіцца ў Данецкай вобласці — там добраахвотніцкі батальён. Я прыняў такое рашэнне пад сваю адказнасць. Лічу, што я не маю права перашкаджаць парыву людзей, якія хочуць змагацца за свабоду няхай і чужой, але брацкай краіны. Таму яны ў нас там.

Еўрарадыё: Я так разумею, што дакладную колькасць беларусаў, якія звярнуліся да вас і прапанавалі сваю дапамогу, вы называць не хочаце?

Сямён Сяменчанка: Так. Але іх вельмі шмат. І яшчэ больш сядзіць на чамаданах і чакае прынцыповага рашэння свайго пытання.

Еўрарадыё: На сваёй старонцы ў сацсетках вы прагназуеце, што “рэжым спынення стральбы, найхутчэй, працягнуць”, і выказалі спадзяванне, што “Галоўнакамандуючы аддасць загад навесці парадак і вымесці ўсю нечысць з Данбаса”. А калі не аддасць, што вы будзеце рабіць?

Сямён Сяменчанка: Думаю, што мы будзем шукаць аднадумцаў, якія, як і мы, занепакоеныя гэтым. І знойдзем сродак выказаць як грамадзяне краіны сваю незадаволенасць.

Еўрарадыё: Выйдзеце з падпарадкавання Нацгвардыі і пойдзеце партызаніць?

Сямён Сяменчанка: Змагацца партызанскімі метадамі — гэта значыць гуляць на баку ворага. Партызанскія дзеянні добрыя ў дадатак да ваенных дзеянняў. Альбо калі няма дзяржавы, калі прыйшла параза. А нам трэба дамагацца, каб нашая дзяржава нашыя інтарэсы бараніла.

Еўрарадыё: Расійскія палітолагі сцвярджаюць, што перамір’е парушаюць і сепаратысты, і “войскі Каламойскага, розныя добраахвотныя батальёны”…

Сямён Сяменчанка: Гэта нахабная хлусня, і мне брыдка нават такое слухаць! У нашых людзей патроны нават забралі!

Еўрарадыё: Расійская прапаганда сцвярджае іншае. Як гэта перамагчы?

Сямён Сяменчанка: Адэкватнай работай нашай прапаганды.

Еўрарадыё: Гледзячы па допісах у сацсетках, шмат украінцаў не задаволеныя дзеяннямі новай улады. Хто новымі прызначэннямі, хто адсутнасцю люстрацыі ў дзяржорганах, хто перамір’ем і перамовамі з сепаратыстамі. Кажуць нават пра трэці Майдан, узброены. Як вы ацэньваеце такую імавернасць?

Сямён Сяменчанка: Калі мы і будзем выходзіць на Майдан, то без зброі. Гэта нашая краіна, і я не думаю, што тут трэба хадзіць са зброяй — у нас не лацінаамерыканская хунта якая-небудзь. Мы можам выказваць розныя меркаванні і рознае бачанне, але мы самі абіралі гэтага прэзідэнта. Я не бачу перспектывы нейкіх узброеных Майданаў, калі шчыра. І не бачу ў іх неабходнасці. Усё, што мы можам зрабіць, і гэта вельмі шмат — выказваць сваё меркавання як грамадзяне. На Майдане ці не на Майдане. А ўзброены… А супраць каго нам з той зброяй ісці? Ну падумайце самі.

Еўрарадыё: Як звычайна: супраць дзейнай улады і тых сілавых структур, якія будуць гэтую ўладу ахоўваць.

Сямён Сяменчанка: Калі структуры, якія будуць на ахове дзейнай улады, пачнуць здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні, то тут натуральна… Але я не думаю, што гэта здарыцца. Я не гатовы гаварыць на такую тэму. Вы мяне правакуеце.

Еўрарадыё: Гэта не мае прыдумкі. Пра імавернасць такога развіцця падзей кажуць украінскія палітолагі і эксперты.

Сямён Сяменчанка: Я разумею, але я не маю права як ваеннаслужачы гаварыць з вамі на гэтыя тэмы.

Еўрарадыё: У інтэрв’ю Еўрарадыё вы сказалі, што антытэрарыстычная аперацыя зацягнецца не менш як на год. Сёння вашыя прагнозы змяніліся?

Сямён Сяменчанка: Не, я рэальна гляджу на рэчы.

Еўрарадыё: А той факт, што Савет Федэрацыі адклікаў свой дазвол Пуціну на ўвядзенне войскаў ва Украіну?

Сямён Сяменчанка: Гэта шулерскія гульні. Гэта ўсё кішэнныя структуры Пуціна. Ён цяпер дзейнічае гэтак жа, як у свой час Януковіч: той спачатку прыняў закон, які дазваляў жорстка караць народныя выступы, а потым нібыта забраў яго назад. Гэта бандыцкая тактыка — яна аднолькавая ў Пуціна і ў Януковіча. Спачатку нешта зрабіць, а потым гандлявацца за тое, каб гэта ўсё адклікаць.

Еўрарадыё: І як вы ў сувязі з гэтым ацэньваеце небяспеку ўварвання ва Украіну расійскіх войскаў?

Сямён Сяменчанка: Не веру я ва ўвядзенне расійскіх войскаў. Калі ён гэта зробіць, то праз паўгода ён будзе даваць прэс-канферэнцыю ў Паўночнай Карэі: “Я жывы, я легітымны прэзідэнт” па аналогіі з Януковічам. Не ўвядзе ён войскі — гэта панты для прыезджых.

Еўрарадыё: Разумеючы гэта, вам лягчэй будзе справіцца з сепаратыстамі?

Сямён Сяменчанка: Думаю, так. Я з цяжкасцю сабе ўяўляю бойку паміж расійскай і ўкраінскай арміяй. Але скажу адразу: калі будзе здзейсненае такое злачынства, калі гэтыя нягоднікі стравяць паміж сабой нашыя народы, прычым не толькі рускіх і ўкраінцаў, але яшчэ і рускіх з рускімі (я сам рускі па нацыянальнасці), то гэтая вайна закончыцца толькі ў Крамлі. І гэта не будзе вайна з Расійскай Федэрацыяй — будзе паўстанне ў самой Расіі.

Што такое Расія? Сёння гэта няшчасны народ, абалванены прапагандай, і краіна, з якой тупа і цынічна высмоктваюць усе сокі, пераводзяць іх за мяжу, там выхоўваюць сваіх дзяцей. А тут замбуюць людзей расказамі пра славутае мінулае і перамогі дзядоў. Сёння расіяне — глыбока няшчасны народ. Бо паміж тым, які ён ёсць цяпер, тым, якім ён мог быць, якім будзе заўтра, — каласальная розніца.

Еўрарадыё: Расійскія СМІ ўжо прызнаюць, што сярод сепаратыстаў ёсць расіяне, але сцвярджаюць, што гэта не найміты, а добраахвотнікі, і што іх няшмат. А як вы ацэньваеце іх колькасць?

Сямён Сяменчанка: У мяне іншыя звесткі. У адпаведнасці з імі такіх добраахвотнікаў з Расіі ў Данецкай вобласці больш за 50%.

Еўрарадыё: Дэпутат Дзярждумы Алег Міхееў даказваў у размове з Еўрарадыё, што зброя ў сепаратыстаў украінская з захопленых імі ваенных складаў, і што нічога сепаратыстам Расія не пастаўляе…

Сямён Сяменчанка: Зразумела, што шмат зброі, якая была захопленая ў Крыме. І цяпер таварыш Пуцін гуляецца ў гульню “Гэта не мы — гэта яны!” Але захопліваў хто? Расійскія войскі. Як гэта зброя трапляла на тэрыторыю Украіны? Праз тэрыторыю Расіі. Таму якая розніца?

Апроч таго, зафіксаваныя выпадкі, калі расійская тэхніка, якая знаходзіцца на ўзбраенні Расіі, была заўважаная на тэрыторыі Украіны. Шмат знаходзілі “лёжак” снайпераў, дзе пасля таго, як снайпер быў паранены, заставаліся розныя медпрэпараты: абязбольвальнае, супрацьшокавае, якія знаходзяцца на забеспячэнні арміі Расіі. Хто хоча верыць у казкі — той верыць, што тут яшчэ можна сказаць.

Фота: http://www.hromadske.tv/, Відэа: http://www.hromadske.tv/, Babylon'13

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі