Вы тут

МУС прызнала выкарыстанне гумовых куляў, "але толькі ў паветра"

Пратэстоўцы пасля таго, як сілавікі пырснулі ў іх балончыкам 18 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё

МУС прызнала, што падчас Партызанскага маршу 18 кастрычніка ў Мінску сілавікі некалькі разоў стралялі гумовымі кулямі, але толькі ў паветра. Маўляў, гэта адбылося таму, што "агрэсіўна настроены натоўп" кідаўся ў іх камянямі.

Еўрарадыё мае выдатнае відэа, на якім сапраўды бачна, як невядомы сілавік страляе ў паветра з акна буса. Праўда, ніякія камяні ў яго ляцяць. І наогул нічога не ляціць.

Пра першыя стрэлы і хлапкі, падобныя да выбухаў светлашумавых гранатаў, паведамлялася ў раёне 16:19. На фота Onliner.by ў руках сілавікоў можна бачыць зброю і дым ад яе.

Сілавікі са зброяй на Партызанскім маршы ў Мінску 18 кастрычніка 2020 года / Onliner

Акрамя таго відавочцы распавядаюць Еўрарадыё пра ўжыванне сілавікамі супраць пратэстуючых слезацечнага газу. Гэта адбылося падчас хапуна ў раёне Мотавела: невядомыя наляцелі на невялікую групку пратэстоўцаў, якая адстала ад аснаўнога натоўпу. Пахапалі хлопцаў, а ў твары жанчынам пырснулі слезацечным газам і хутка з’ехалі. Гэты факт пакуль МУС не каментавала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.