МУС дазволіў прыязджаць у Беларусь з пашпартамі "ДНР" і "ЛНР"

МУС Беларусі выступіла з тлумачэннем наконт пашпартоў, выдадзеных так званымі "Данецкай" і "Луганскай Народнай Рэспублікамі". Наша дзяржава не прызнала гэтыя тэрытарыяльныя ўтварэнні, таму дакументы, выдадзеныя адпаведнымі органамі так званых "ДНР" і "ЛНР", з'яўляюцца несапраўднымі на тэрыторыі Беларусі.

Але пераважная большасць уладальнікаў такіх дакументаў трапляюць пад указ Аляксандра Лукашэнкі №420 ад ад 30 жніўня 2014 года "Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь". Згодна з ім, яны вызваляюцца ад падачы некаторых дакументаў, неабходных каб атрымаць дазвол на пражыванне ў нашай краіне.

У сувязі з гэтым, МУС паведамляе, што грамадзян з пашпартамі "ДНР" і "ЛНР" спярша будуць ідэнтыфікаваць, а потым індывідуальна прымаць рашэнне пра магчымасць іх далейшага знаходжання ў Беларусі — у залежнасці ад жыццёвай сітуацыі.

Раней Памежны камітэт Беларусі казаў, што ўезд у нашу краіну па дакументах "ДНР" і "ЛНР" недазволены, а жыхары Данбаса могуць прыязджаць у Беларусь па ўкраінскіх пашпартах.

Нагадаем, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сваім указам 18 лютага прызнаў пашпарты "ДНР" і "ЛНР" сапраўднымі на тэрыторыі Расіі.