Вы тут

МУС: блакаваць “наркатычныя” каналы і чаты ў Telegram тэхнічна немагчыма

Рэклама аднаго з "наркатычных" Telegram-каналаў у мінскім пад'езде / Еўрарадыё

У сакавіку Еўрарадыё дасылала ў Міністэрства ўнутраных спраў запыт наконт дзейнасці аднаго з Telegram-каналаў, праз які можна было набыць наркотыкі. Яго рэкламай былі распісаныя некаторыя раёны Мінска. 24 сакавіка, праз 10 дзён пасля нашага звароту да МУС, крама зачынілася. 5 красавіка мы атрымалі ад міністэрства адказ.

МУС распавядае нам, што для спынення распаўсюджвання наркотыкаў i ўцягвання моладзi ў наркабiзнес праз інтэрнет міліцыя пастаянна маніторыць рэсурсы ў сеціве і выяўляе тыя, якiя займаюцца такой дзейнасцю.

Так, у 2018 годзе Мiнiстэрства iнфармацыi па запыце МУС абмежавала доступ з тэрыторыi Беларусі да 152 сайтаў, якiя змяшчаюць паведамленнi цi матэрыялы, накiраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, гаворыцца ў адказе.

Разам з тым МУС прызнаецца, што, у адрозненне ад сайтаў, кантраляваць Telegram ды іншыя мэсэнджары тэхнічна немагчыма.

Мэсэнджары, такiя як Telegram, iнтэрнэт-рэсурсамi не з`яўляюцца, а ўяўляюць сабой сервiсы для зносiн i абмену файламi на аснове канфiдэнцыяльнасцi i абсалютнай ананiмнасцi. У гэтай сувязi iх поўная блакiроўка немагчымая, у лепшым выпадку перастануць працаваць толькi нейкiя функцыi. Ажыццявiць блакiроўку чат-ботаў i акаўнтаў у Telegram, якiя маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў, тэхнiчна немагчыма”.

У міністэрстве кажуць, што наркакантроль можа толькі праводзіць мерапрыемствы, каб выявіць асоб, якiя кіруюць каналамі па распаўсюдзе наркотыкаў праз мэсэнджары.

Канкрэтыкі ад МУС мы не дачакаліся. Застаюцца без адказу пытанні наконт таго, ці звяртаецца беларуская міліцыя да адміністрацыі Telegram, каб спыніць дзейнасць наркатычных акаўнтаў і чатаў, і якім чынам супрацоўнікі адсочваюць асоб, якія стаяць за наркаканаламі.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме "Еўразум":