Вы тут

МУС — дэпутатцы Анiсiм: "Хто не скача..." — экстрэмiзм, а "Бульбаш" — не

Скрыншот з адказу, атрыманага Аленай Анісім

МУС адказала дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Алене Анісім з нагоды прызнання экстрэмісцкім выказванні "Хто не скача, той...". У прыватнасці, у звароце да МУС Анісім цікавілася, якім будзе пакаранне за выкрыкванне крычалкі.

"Выкарыстанне дадзенага тэксту забаронена з якімі-небудзь іншымі надпісамі або без іх, па-за залежнасцю ад носьбіта інфармацыі, а роўна сама гукавая абалонка тэксту, вымаўленая ў выглядзе слоў. За выкарыстанне паказанай інфармацыйнай прадукцыі грамадзяне будуць карацца ў адпаведнасці з артыкулам 17.11 [выраб, распаўсюджванне , захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў] Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях", — адказалі ў ведамстве.

Таксама Анісім пацікавілася, ці будзе прымяняцца такая ж норма ў дачыненні да тых, хто выкарыстоўвае слова "бульбаш" у назвах тавараў і зарэгістраваных таварных брэндаў. На гэта Упраўленне па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю МУС адказала так:

"З прычыны адсутнасці забароны на выкарыстанне слова "Бульбаш", прыцягненне грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за яго выкарыстанне не прадугледжана".

У верасні 2018 года на падставе рашэння Цэнтральнага раёна Мінска крычалка "Хто не скача, той..." была прызнаная экстрэмісцкай і ўключаная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Згаданая крычалка гучала 8 верасня на мінскім стадыёне "Дынама" падчас матчу футбольных зборных Беларусі і Сан-Марына. Калі раней у Беларусі каралі за распаўсюд у інтэрнэце відэа з ёй, цяпер забароненае яе скандаванне, выяўленне ў розных формах. СМІ не могуць прыводзіць або агучваць змест крычалкі.