Вы тут

Можна наглытацца патагенаў: ці бяспечна купацца ў зялёнай вадзе на Мінскім моры

Таксічны пейзаж Мінскага мора / тэлеграм

"Вадасховішча напаткала экалагічная катастрофа", — так пішуць у сацсетках пра колер вады Мінскага мора.  праўда, фота адтуль нагадваюць што заўгодна, але не месца для купання і культурнага адпачынку.

"Кіслотныя берагі" на Заслаўскім / Еўрарадыё

Што там адбываецца на самай справе і ці варта біць трывогу? Па каментар Еўрарадыё звярнулася ў Мінскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Там нас запэўніваюць, што зялёна-блакітнай вада стала праз цвіценне.

— Гэта адбываецца ў выніку наяўнасці ў вадзе залішніх пажыўных рэчываў, — расказвае Еўрарадыё намеснік старшыні камітэта Аляксандр Дабрыцкі. — І зноў жа, цяпер высокая тэмпература, дастатковая колькасць сонечнага святла. Сёлета ўсё гэта адбываецца значна больш інтэнсіўна, бо ўплывае спякота.

Рэальнай праблемай цвіценне вады можа стаць толькі ў тым выпадку, калі ў вадаёме ёсць узбуджальнікі інфекцыі. Таксама калі ў такой вадзе кіслароду менш за 6-8 мг/л, то гэта можа стаць пачаткам перадзаморных з'яў рыбы. Але ёсць спецыяльныя мерапрыемствы, якія не даюць упасці кіслароду, — напрыклад вапнаванне.

А можна плаваць у Мінскім моры ці не? Паводле афіцыйнай інфармацыі за 23 ліпеня, размешчанай на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, абмежаванні датычацца толькі купання дзяцей у зонах рэкрэацыі пляжа №8 Заслаўскага вадасховішча. Выглядае на тое, што вада кіслотнага колеру ўсё ж прыдатная для знаходжання ў ёй чалавека.

Афіцыйнай забароны санстанцыі няма / тэлеграм

Мы пацікавіліся ў лекаркі: калі карціць паплаваць у такой вадзе, то ці ёсць шанц зарабіць якую-небудзь больку? Доктарка-інфекцыяністка Алена Сцяпура адказвае: шанц ёсць. І пацерпіць ад гэтага хутчэй не скура, а страўнік, калі выпадкова сербануць зялёна-блакітнай вады.

— Гэта больш за ўсё можа справакаваць якія-небудзь станы страўнікава-кішачнага тракта. Можна падхапіць вострую кішачную інфекцыю, дызентэрыю. Магчымае паступленне патагенных мікраарганізмаў, якіх у норме ў нас унутры не існуе. Для скуры шкода можа быць хіба што ў алергікаў, — дадае інфекцыяністка.

Хворыя з атручэннямі цвітучай вадой да Алены пакуль яшчэ не паступалі. Аднак лекарка лічыць, што лепш перачакаць перыяд цвіцення вады, чым потым лячыць непажаданыя наступствы.

А што рабіць, калі не паслухалі лекара, паплавалі і наглыталіся вады з водарасцямі?

— Адразу неабходна піць больш вадкасці, піць сарбенты [дапаможныя прэпараты для ачысткі арганізма ад таксінаў. — Еўрарадыё], — адказвае Алена Сцяпура. — Калі стала дрэнна і з'явілася млоснасць, ваніты, то неабходна зрабіць прамыванне страўніка. Калі чалавек адчувае, што стан становіцца цяжкі, не варта чакаць — трэба звярнуцца да спецыяліста або выклікаць хуткую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.