“Мова ці кава” абмяркуе расіян у Мінску, а “Мова нанова” запросіць рыцараў

13 студзеня ў Мінску ў адзін і той жа час пройдуць адразу два бясплатныя публічныя заняткі па беларускай мове. Праводзіць іх будуць два розныя праекты “Мова нанова” і “Мова ці кава”, стваральнікі якіх яшчэ летась працавалі ў адной звязцы. Ці пасварыліся стваральнікі курсаў, чаму яны перабіваюць адзін аднаго агульным часам правядзення, як зменіцца фармат заняткаў і на што будзе зробленая асноўная стаўка ў гэтым годзе? Еўрарадыё задало аднолькавыя пытанні стваральніцы “Мова ці каваКаці Кібальчыч ды колішняму вядучаму, а цяпер аднаму са стваральнікаў курсаў “Мова нановаГлебу Лабадзенку.

Еўрарадыё: Чаму вы разбегліся?

Каця Кібальчыч: Па сутнасці, стала зразумела, што трэба адкрываць новую групу, бо наведваць курсы хоча значна больш людзей. Ва ўмовах таго, што я кіраўнік праекта і мой бюджэт абмежаваны, мне трэба было прыдумаць, якім чынам гэта зрабіць! Бо мне цікава было займацца распаўсюджваннем гэтай ідэі па Беларусі, каб такія моўныя гурткі з’яўляліся стыхійна. Мне пісалі з рэгіёнаў, што хацелі б адкрыць такія курсы, у адказ я планую зрабіць он-лайн падручнік па беларускай мове, сайт, дзе змяшчаць вось гэтую методыку нефармальнага выкладання мовы. Гэта ўсё будзе ў выглядзе гатовых сцэнарыяў для выкладчыкаў, валанцёраў, якія хацелі б арганізоўваць нешта падобнае самастойна. Тым больш, былі ўжо прэцэдэнты, што людзі рабілі нешта ў Вільні, у Бабруйску, у Кіеве...

Што тычыцца мінскіх курсаў, то я эксперыментавала з рознымі выкладчыкамі і заўважыла, што курсы, якія вядуць, напрыклад, Алесь Залеўскі ды Андрусь Такінданг, больш наведвае моладзь. Публіка адрозніваецца. Тым, хто ходзіць на Глеба Лабадзенку, больш патрэбны такі масавік-зацейнік. Тым, хто ходзіць на іншых выкладчыкаў, больш падабаецца ўдзельнічаць у нейкай гутарцы. Гэты фармат мне больш падабаецца. І ў нас адбылася даволі класічная сітуацыя. Уявіце, што ёсць тэатр, ёсць у ім прыма, салістка і раптам прыходзіць рэжысёр ці мастацкі кіраўнік і кажа, што будзе яшчэ некалькі салістаў. Натуральна, саліст не пагаджаецца і адкрывае свой уласны тэатр. І гэта, у прынцыпе, правільна.

На апошнім занятку я блаславіла Глеба на пачатак новага праекту, сказала, што ён будзе рабіць свае курсы, такія ж, як “мова ці кава”, але пад іншай назвай. Узяць сваю назву я папрасіла Глеба, бо фізічна не магу адсочваць якасць гэтага прадукту. За “Мова ці кава” я адказваю галавой. Можа, гэта не было так заўважна, але я рэдагавала кожны занятак і пасля заняткаў у мяне быў разбор палётаў...

Глеб Лабадзенка: Па-першае, мы з Алесяй Літвіноўскай трохі іначай бачылі далейшую канцэпцыю. А па-другое, нам падалося, што мы ўжо даўно выраслі з проста вядучых да стваральнікаў заняткаў. Я не кажу курсаў, а менавіта заняткаў, бо львіную долю працы па падрыхтоўцы заняткаў мы рабілі самі. І калі мы зразумелі, што канцэпцыя змяняецца, то раптам падумалі, што нам неабавязкова падпарадкоўвацца гэтым зменам. Сапраўды, на нас свет клінам не сышоўся. Я ўпэўнены, што праект “Мова ці кава” будзе паспяхова існаваць і далей, а з’яўленне яшчэ адных бясплатных курсаў беларускай мовы, думаю, інакш, як пазітыўна, расцэньваць нельга.

Я не бачу ніякіх падставаў для канфліктаў ці крыўдаў. Мы з Алесяй вельмі ўдзячныя Кацярыне за тое, што год таму яна нас запрасіла ў праект “Мова ці кава”. Самым галоўным чынам, удзячныя за тое, што мы зразумелі, што гэта наша. І нават тады, калі нам засталося ў праекце “Мова ці кава” ўсё менш і менш месца, мы зразумелі, што будзем працягваць гэта рабіць. Я сам раней не мог нават дадумацца да такога, што камусьці патрэбныя публічныя курсы беларускай мовы. А цяпер мы адчуваем сілу і энергію, бо гэта сапраўды людзям патрэбна.

Еўрарадыё: Дык вы ўсё ж канкурэнты ці не, і чаму цяпер курсы будуць праходзіць у адзін час?

Каця Кібальчыч: Гэта сапраўды тое, што ўсіх здзівіла. Думаю, што яны выбралі той жа час аўтаматычна, бо год працавалі менавіта так. Але я цалкам згодная, што мусіць быць розны час! Яшчэ год таму я рабіла апытанне людзей, эксперыментавала і ставіла заняткі ў розныя дні і, гледзячы на рэакцыю людзей, спынілася на панядзелку 19:00, бо мне гэты час падаўся найбольш аптымальным. І мы далі рассылку, зрабілі рэкламу, івэнт у Фэйсбуку, і ўжо пасля гэтага Глеб заявіў пра свой праект і што гэта будзе ў той жа час. То бок, я ўжо не магла нічога змяніць, ад мяне фактычна ўжо нічога не залежала. Калі б Глеб сказаў мне, што збіраецца выходзіць у той жа час, мы б абмеркавалі гэтую тэму, але гэта таксама было для мяне неспадзяванкай.

Пакуль што я планую першы занятак! Яго перасунуць немагчыма, бо ў гэтым няма сэнсу. Ужо вельмі шмат людзей запісалася, каля 120 чалавек. Цяпер у мяне галава забітая не канкурэнцыяй, а кантэнтам. Для мяне паказчык — не колькасць людзей, ці што іншае, а сапраўды якасны занятак — мае суб’ектыўныя ўражанні і суб’ектыўныя ўражанні гасцей ды кампетэнтных для мяне людзей. А што будзе далей, паглядзім.

Глеб Лабадзенка: На сённяшні дзень я ведаю ў Мінску чатыры курсы беларускай мовы і пяты яшчэ адкрыецца, але ні ў водным канкурэнта я не бачу. Напрыклад, Аляксей Шэін, які цяпер плануе аднавіць свае курсы беларускай мовы, раіўся з намі, каб у нас не супадалі заняткі. І адмыслова прызначае іх, каб не супадалі. Напрыклад, курсы “Таварыства беларускай мовы” дзейнічаюць у сераду, Аляксей Шэін будзе рабіць свае курсы ў чацвер, ведаю, што ў нейкі дзень праходзяць курсы ў Арт-сядзібе... таму канкурэнтаў я не бачу.

А што да супадзення часу заняткаў з “Мова ці кава”, то тлумачэнні два. 16 снежня на апошнім занятку, калі Каця Кібальчыч сказала, што перадае курсы нам, наступны занятак быў прызначаны на 13 студзеня 19:00. На тое, што пасля сітуацыя змянілася і “Мова ці кава” вырашыла працаваць самастойна, мы паўплываць не можам. Але 16 снежня мы студэнтам сказалі, што нашы з Алесяй курсы будуць у гэты дзень і ў гэты час.

Другі момант — “Галерэя Ў” дала нам памяшканне для курсаў “Мова нанова” менавіта ў гэты дзень і час. А паколькі “Галерэя Ў” дае памяшканне бясплатна, за што мы ёй шалёна ўдзячныя, то казаць, перанясіце нас на іншы дзень я палічыў няправільным. Але перш за ўсё, я буду размаўляць з тымі студэнтамі, якія прыйдуць на курсы. Курсы робяцца для іх, і фармат ды час правядзення залежыць ад іх. То бок, на першым жа занятку мы ўздымем гэтае пытанне і, калі студэнты скажуць, што панядзелак для іх вельмі кепскі дзень, мы, безумоўна, перанясем. Я не кажу, што для мяне свет клінам сышоўся на гэтым дні і на гэтым часе.

Еўрарадыё: Што зменіцца па фармаце?

Каця Кібальчыч: Я б хацела прыцягнуць больш моладзевую аўдыторыю. Я эксперыментавала з рознымі формамі: дэбатамі, дыскусіямі, гасцямі... і заўважыла, што калі госць прыходзіць не на пяць хвілін, а ўдзельнічае актыўна ў занятку, то людзей гэта натхняе, для іх гэта пэўная камунікацыя. Я хачу, каб такой камунікацыі было больш, бо калі мы робім дэбаты, гаварыць пачынаюць нават самыя маўчуны.

Наша ноў-хаў — мы робім такія слоўнічкі, нават, хутчэй, размоўнікі, якія мы раздаём людзям, і з дапамогай якіх яны могуць адразу пачынаць гаварыць. І самае галоўнае тое, што я ўжо раблю з восені: я хачу, каб было некалькі пар выкладчыкаў, якія вядуць курсы. Я лічу, што ў кожнага можа быць свая аўдыторыя, свая спецыфіка, але на кожным занятку будзе свая дыскусія на абраную тэму. Каб “Мова ці кава” стала такой пляцоўкай, дзе апроч іншага, можна паразмаўляць на цікавыя актуальныя тэмы. Напрыклад, мы плануем пагаварыць пра расіян, якія прыязджаюць у Беларусь падчас навагодніх святаў. Мне падаецца, гэта актуальная тэма, ва ўсялякім, выпадку мае сябры толькі пра гэта і гавораць.

Безумоўна, тое лепшае, што мы напрацавалі цягам мінулага года, таксама застанецца. Да таго ж, ёсць яшчэ адна ідэя, над ёй яшчэ варта папрацаваць, але! Хачу запрашаць звычайных школьных выкладчыкаў, каб яны праводзілі занятак у пары з нашым медыйным чалавекам. Мне падаецца, гэта будзе ўздымаць прэстыж школьнага настаўніка, а мы ведаем, у якім дэпрэсіўным стане яны знаходзяцца. А па-другое, такім чынам мы зможам распаўсюджваць методыку нефармальнага выкладання і ў школах, што, на мой погляд, будзе лепш для дзяцей. У папярэднім праекце гэта было немагчыма зрабіць, бо выкладчыкі маёй каманды фактычна не дазвалялі гэтага зрабіць.

Глеб Лабадзенка: Фармат даволі істотна зменіцца. Асабліва таму, што гэта не перададзеныя курсы, а абсалютна іншыя курсы. Таму мы проста не маем права браць нічога ад таго, што было там. Адна з новых рубрык: мы знайшлі магчымасць, каб беларускамоўныя жыхары іншых краін выходзілі з намі на сувязь і студэнты маглі задаць ім пытанні. Таксама мы хочам зрабіць заняткі больш відовішчнымі. Напрыклад, на адным з наступных заняткаў, калі да нас завітае Уладзімір Арлоў, мы возьмем тэму “Рыцары і бітвы”. І вось пасярод занятку ў “Галерэю Ў” зойдуць сапраўдныя рыцары і зладзяць бітву. Каб гэта ўсё не выглядала неяк эфімерна, каб тлумачылася не на пальцах, а людзі, якія сапраўды гэтым займаюцца паказвалі гэта студэнтам.

Плануем запрашаць больш музыкаў, тым больш, што яны самі звяртаюцца да нас і прапаноўваюць выступіць. Будзем запрашаць не толькі віпаў, але і простых беларускамоўных людзей абсалютна розных прафесій. Напрыклад, на адным з першых заняткаў да нас завітае пекар з Верхнядзвінска. Адзін з нямногіх беларускамоўных пекараў, які стварае шыкоўны караваі, правядзе майстар клас, прывязе караваі... Зноў жа, гэта такая практычная сфера ўжывання беларускай мовы.

Першы занятак абодвух курсаў пройдзе 13 студзеня ў 19:00

Мова ці кава” чакае жадаючых у прасторы “ЦЭХ” па адрасе праспект Незалежнасці, 58, корпус 6 (праход з вуліцы П.Броўкі). Заняткі будуць весці Васіль Дранько-Майсюк, Алесь Залеўскі і Уладзь Лянкевіч.

Мова нанова” збіраецца ў “Галерэі Ў” па адрасе праспект Незалежнасці, 37-а. Вядучыя — Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка.

Пакуль абодва праекты плануюць збіраць жадаючых вывучыць беларускую мову кожны панядзелак у 19.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі