Вы тут

Стартаваў Міжнародны турнір алімпійскай кваліфікацыі па цяжкай атлетыцы

Фота выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі / ashgabat2018.com

Міжнародны турнір алімпійскай кваліфікацыі па цяжкай атлетыцы Alexander cup 2019, які прысвечаны памяці двухразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Курловіча, стартаваў у Гродне 2 лістапада. У ім возьмуць удзел больш за 60 спартсменаў з Украіны, Уругвая, Ізраіля, Албаніі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Беларусі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Кітая, Узбекістана, Малдовы і Славакіі. Удзел у ліцэнзійным турніры срэбнага ўзроўню Alexander cup 2019 абавязкова для спартсменаў, якія прэтэндуюць на выступ у Токіо-2020.

Спаборніцтвы пачаліся сёння ў 11:00 на цэнтральнай арэне Гродзенскага лядовага палаца спорту. 

У мужчынскіх стартах Беларусь прадстаўляюць спартсмены Эдуард Зязюлін і Аляксей Мжачык — звыш за 109 кг, Андрэй Арамнаў — 109 кг, Яўген Ціханцоў — 96 кг, Максім Мудрэўскі — 89 кг, Пётр Асаёнак — 81 кг, Вадзім Ліхарад — 73 кг, Генадзь Лапцеў — 67 кг.

Сярод беларускіх спартсменак выступяць Дзіна Сазанавец і Дар'я Навумава — 76 кг, Юлія Асаёнок  — 45 кг.

Спаборніцтвы працягнуцца да 4 лістапада, піша БелТА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.