Міжнародная камісія польскага Сейма асудзіла затрыманні абаронцаў Курапатаў

Міжнародная камісія польскага Сейма асудзіла затрыманні абаронцаў Курапатаў

4 ліпеня міжнародная камісія Сейма Польшчы правяла слуханні па грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Іх вынікам стаў зварот да польскага ўраду, у якім асуджаюцца нядаўнія затрыманні беларускіх палітычных актывістаў.

“У рэзалюцыі робіцца акцэнт на адсутнасць прагрэсу ў часе апошніх выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў, згадваюцца затрыманні і арышты, якія адбыліся цягам гэтага тыдня, — распавёў Еўрарадыё лідар руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, які ўдзельнічаў у слуханнях. — Рэзалюцыя ўтрымлівае заклік да беларускай улады адмовіцца ад падобнай практыкі”.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі БХД Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што падпісанты рэзалюцыі спадзяюцца, што польскі ўрад прыме захады па вызваленні арыштаваных людзей, якія знаходзяцца ў нечалавечых умовах:

“Мы казалі, што чалавек у Беларусі можа патрапіць за краты нават на тыя ж 10 сутак, але ўмовы яго ўтрымання параўнальныя з катаваннямі. Што датычыць Паўла Севярынца – не прымаюць перадачы, не прымаюць цёплыя рэчы, а гэта пры тэмпературы ў 10 градусаў уночы, бо вядома, што ў вязніцы нізкая тэмпература. У МУС ёсць брутальная практыка падсаджваць хворых, заразных людзей, і тыя ж 5-10 сутак можа пагражаць здароўю і жыццю”.

Міжнародная камісія польскага Сейма асудзіла затрыманні абаронцаў Курапатаў
Фота: pyx.by

Беларускія ўдзельнікі слуханняў падзякавалі палякам за ўвагу да пытання Курапатаў. Афіцыйная дэлегацыя Польшчы, якая 29 чэрвеня ўдзельнічала ў адкрыцці мемарыяла ў Трасцянцы, знайшла час наведаць месца сталінскіх рэпрэсіяў, побач з якім апазіцыйныя актывісты пратэстуюць супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра “Поедем поедим”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі