Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў здарэнне ў гомельскай школе

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў здарэнне ў гомельскай школе

Кіраўнік беларускіх католікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у каментары "Нашай Ніве" наконт сітуацыі ў гомельскай школе заявіў пра неабходнасць капеланаў у навучальных установах. 

На думку Кандрусевіча, неабходна звярнуць больш увагі на выхаванне школьніка, які стаў прычынай скандалу. "Трэба, каб і настаўнік адчуваў праблемы вучня, але і вучань павінен бачыць настаўніка ў тым, хто яго выхоўвае", — мяркуе ён. 

"А хто правы, хто вінаваты ў Гомелі, мне цяжка ацэньваць. Гэта праблема духоўнага стану нашага грамадства, такія рэчы не павінны здарацца — гэта сігнал, што духоўнае выхаванне кульгае моцна, што трэба штосьці рабіць", — канстатуе кіраўнік беларускіх католікаў. 

У якасці рэцэпта ён прапануе ўвесці пасады капеланаў у навучальных установах і войску: "Можна вывучыць суперспецыяліста, але яшчэ і чалавекам трэба навучыць быць. І хтосьці павінен выхаваць гэта: чаму няма капеланаў ні ў школе, ні ва ўніверсітэце, ні ў войску? Не пра пастарскае гаварыць, а пра духоўнае"

Як паведамлялася раней, настаўніца гомельскай СШ №15 Людміла Чацвярткова на ўроку матам вылаялася на чацвёртакласніка. Відэа інцыдэнта трапіла ў інтэрнэт, і 13 верасня настаўніцу звольнілі. Аднак 18 верасня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся аднавіць настаўніцу на працы. Замест яе звольнілі дырэктарку школы, шэраг чыноўнікаў, адказных за адукацыю ў Гомелі. Вымовы атрымалі прэм'ер-міністр, яго намеснік, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта.  

19 верасня кіраўнік дзяржавы эмацыйна пракаментаваў сітуацыю ў гомельскай школе: "Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму... Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах ў нас адбылося? А пачынаецца адсюль — са здзеку над настаўніцай. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у Сеціва. І гэта ў чацвёртым класе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі