Вы тут

Мінздароўя сертыфікавала экспрэс-тэсты, распрацаваныя віцебскай кампаніяй

У Беларусі зрабілі ўжо больш за 40 тысяч тэстаў / sb.by

Мінздароўя ў паскораным рэжыме сертыфікавала экспрэс-тэсты для дыягностыкі каранавіруса, распрацаваныя віцебскай кампаніяй "Сівітал". Вытворчасць пачнецца ўжо з аўторка. Спачатку гэта будзе каля трох тысяч тэстаў за дзень, пасля вытворчасць будзе нарошчвацца да 20 тысяч за дзень (кампаненты ўжо закупленыя для 100 тысяч тэстаў), паведаміў Радыё Свабода ўласнік кампаніі Сяргей Іваноў. Паводле яго слоў, тэст-сістэму для выяўлення РНК каранавіруса на аснове ПЦР-даследавання распрацавалі навуковыя супрацоўнікі "Сівітала" на чале з прафесарам Валерыем Сямёнавым.

Спачатку пастаўкі будуць здзяйсняцца ў Віцебск, Мінск і Магілёўскую вобласць (заяўкі ўжо ёсць і з замежжа). Новая тэст-сістэма дазваляе атрымаць вынік максімум за паўтары гадзіны.

Міністэрства аховы здароўя ў панядзелак заявіла, што на раніцу 6 красавіка ў Беларусі зроблена больш за 40 тысяч тэстаў на каранавірус. У нашай краіне налічваецца 700 выпадкаў заражэння, памерлі 13 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.