Мінздароўя: расійская забарона на вываз медыцынскіх масак стала нечаканасцю
Міністэрства аховы здароўя Беларусі яшчэ не вырашыла, як рэагаваць на расійскую забарону вывозіць з краіны медыцынскія маскі, бінты, марлю, дэзінфікуючыя сродкі ды іншыя медыцынскія тавары.
Адпаведную пастанову з забаронай прыняў расійскі ўрад. Яна будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня 2020 года.
Беларускі бок не быў папярэджаны пра такія захады з расійскага боку, паведаміла галоўны санітарны лекар Беларусі Наталля Жукава на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка. Па яе словах, гэтая сітуацыя стала для Мінздароўя Беларусі нечаканай і цяпер абмяркоўваецца.
У Беларусі зарэгістраваныя шэсць выпадкаў захворвання на каранавірус — чатыры ў Мінску і два ў Віцебскай вобласці. Пад назіраннем медыкаў знаходзяцца каля 14,5 тысячы чалавек, якія або кантактавалі з захварэлымі, або прыбылі з-за мяжы ў раёнах, дзе зарэгістраваны каранавірус.
Прадстаўнікі Мінздароўя паведамілі, што зачыняць межы Беларусі ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса не плануецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.