Вы тут

Мінздароўя: Пацярпелым у ДТЗ пад Камянцом дзецям дапамагаюць найлепшыя дактары

Фота: ДАІ

Міністэрства аховы здароўя накіравала на дапамогу ўкраінскім дзецям, пацярпелым у ДТЗ пад Каменцам, найлепшых дактароў. Як паведамляе прэс-служба ведамства, сітуацыя знаходзіцца пад асабістым кантролем міністра Валерыя Малашкі. Цяпер шасцёра пацярпелых дзяцей у Камянецкай раённай лякарні, адно дзіця ў цяжкім стане —  на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.

З Брэста ў Каменец прыбыла брыгада медыкаў у складзе нейрахірурга, траўматолага, рэаніматолага ды іншых спецыялістаў. З Мінска ў райцэнтр даслалі дзіцячага траўматолага, нейрахірурга і дзіцячага анестэзіёлага-рэаніматолага. Частку пацярпелых дзяцей плануюць перавесці ў Брэсцкую абласную лякарню.

Страшная аўтааварыя адбылася сёння раніцай у Камянецкім раёне. Паводле звестак ДАІ, прыкладна ў 7.00 на аўтадарозе Р98 ля вёскі Мартынюкі адбылося сутыкненне Renault Master і пагрузчыка “Амкадор”. За рулём “Рэно” быў 42-гадовы грамадзянін Украіны, пагрузчыкам кіраваў мясцовы жыхар. Сутыкненне было спадарожным.

13-гадовы хлопчык, які сядзеў на пярэднім сядзенні “Рэно”, загінуў. У мікрааўтобусе была цэлая група дзяцей —  футбольная каманда з Украіны.