Мінспорту: Рашэнне аб расійскім сцягу на Паралімпіядзе прыняла ўся каманда

Прэс-служба Міністэрства спорту і турызму выступіла з афіцыйнай заявай наконт расійскага сцяга ў беларускай дэлегацыі на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.

У дакуменце гаворыцца, што ў Мінспорту паступае шмат зваротаў наконт здарэння на Паралімпіядзе.

"У сувязі з гэтым тлумачым, што гэта было рашэнне каманды, выканаў якое супрацоўнік упраўлення нацыянальных камандаў Міністэрства спорту і турызму Андрэй Фомачкін. Такім чынам беларускія паралімпійцы вырашылі выказаць салідарнасць са сваімі расійскімі калегамі, якіх несправядліва пазбавілі права выступіць на стадыёнах Бразіліі", — гаворыцца ў заяве.

Раней чыноўнікі Мінспорту паведамлялі, што акцыя была не ўзгодненая з афіцыйным Мінскам. Тым не менш, дзеянні Фомачкіна былі ўхваленыя на ўзроўнік кіраўніка Беларусі. Міжнародны Паралімпійскі камітэт пазбавіў Фомачкіна акрэдытацыі.