Мінскія ўлады дазволілі “Чарнобыльскі шлях-2018”, але змянілі час і месца акцыі

Мінгарвыканкам дазволіў “Чарнобыльскі шлях" 26 красавіка 2018 года. Блізу 17:00 у пятніцу, 20 красавіка, арганізатары мерапрыемства атрымалі адказ на сваю заяву, пададзеную напачатку месяца.

Па словах адной з заяўніц, сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Вольгі Кавальковай, мінскія ўлады задаволілі заяўку ў крыху змененым выглядзе. У прыватнасці, змененыя час і месца збору ўдзельнікаў.

“Збор у 18:00 каля кінатэатра “Кастрычнік”. Паўгадзіны мы збіраемся, потым шэсце з 18:30 да 20:00, па ходніках праспекта Незалежнасці, вуліц Сурганава і Арлоўскай да скрыжавання з Карастаянавай. Дазволены мітынг-малітва каля капліцы з 20:00 да 20:30. Зразумела, што 30 хвілінаў гэта няшмат, і будуць стаяць загародкі. Зараз на аргкамітэце будзем абмяркоўваць фармат гэтага мітынгу”, — сказала Кавалькова.

“Зразумела, што ёсць пытанні да выкарыстання незарэгістраванай сімволікі і лозунгаў, якія не адпавядаюць мерапрыемству. Але таксама зразумела, што бел-чырвона-белыя сцягі — гэта традыцыйная сімволіка і “Чарнобыльскага шляху” ў тым ліку”, — дадала Вольга Кавалькова.

Як паведамляла Еўрарадыё, арганізатары “Чарнобыльскага шляху-2018” прасілі дазволіць ім спачатку правесці каля Акадэміі навук мітынг. Толькі пасля гэтага яны планавалі шэсце да памятнага знаку “Ахвярам Чарнобыля” ў парку Дружбы народаў. Аднак чыноўнікі такі варыянт не падтрымалі.

Варта адзначыць, што сёлета з акцыі “Чарнобыльскі шлях” у Беларусі пачынаецца кампанія “Астравецкі шлях”.