Мінская кватэра за 500 тысяч долараў упала ў цане на 100 тысяч

Эксперты па нерухомасці лічаць, што патаннелі тыя кватэры, кошт якіх быў фантастычна завышаны. Легендарную ўжо трохпакаёвую кватэру на вуліцы Янкі Купалы ля цырка
прадаюць больш за паўгода. У жніўні Еўрарадыё распавяло пра тое, што
кватэра ў цэнтры Мінску прадаецца за 500 тысяч долараў. Прадаўшы гэтую
прыгажосць можна набыць шыкоўныя вілы на Карыбах, у Чарнагорыі ці ў
Бруселі
. Калі мы пацікавіліся, ці купіў яе хто-небудзь, аказалася, што
кватэра яшчэ прадаецца. Але цяпер ужо агент называе іншую цану:

“За 450 яна яе аддасць, можа нават і за 400 аддасць, калі будзе рэальны чалавек”.

Такая ж сітуацыя, як з гэтай “паўмільённай кватэрай”, і на рынку нерухомасці.

“Калі казаць пра рэальныя здзелкі, на трохпакаёвыя кватэры за гэтыя два
месяцы цэны зніжаліся на 10-15 тысячаў максімум. 15 тысяч – гэта там,
дзе была раней загадзя высокая цана”, - гаворыць кіраўнік агенцтва
“БелЦТН” Мікалай Прасталупаў.

Па словах эксперта, за апошнія два месяцы максімальна кошты на жыллё
зніжаліся на 15 тысяч долараў, але гэта там, дзе яны былі загадзя
вельмі завышаныя.

А вось інфармацыя нібыта пра адсутнасць пакупніцкага попыту на сталічныя кватэры – няпраўда.

“У Мінску за кастрычнік было каля 600 здзелак куплі-продажу, з іх прыблізна 400 здзелак прайшло праз агенцтвы нерухомасці”.

Эксперт Інтэрнэт-парталу REALT.BY Аляксандр Мартыненка мяркуе, што ў
бліжэйшыя некалькі год цэны на жыллё будуць альбо расці, альбо
заставацца нязменнымі. “Зніжэння чакаць не даводзіцца”, - кажа ён:

“Танней нічога не стала, цана трымаецца стабільна на працягу ўжо
паўтара месяцаў – не расце і практычна не падае. Расце кошт
будаўніцтва, аздабленне памяшканняў, растуць заробкі… Нерухомасць
ацэнена ў доларах, долар у параўнанні з еўра падае. Чакаць таго, што
цана на нерухомасць у доларах будзе зніжацца, не даводзіцца”.

Інфармацыю пра зніжэнне цэнаў на жыллё больш, чым на 25 тысяч долараў,
Мартыненка тлумачыць адзінкавымі выпадкамі. Гэтыя людзі першапачаткова
называлі нерэальныя лічбы, бо засцерагаліся прагадаць з коштам, які
ўвесь час расце:

“Калі трэба тэрмінова прадаць, яны скідваюць, мажліва і 25 тысяч –
гледзячы колькі каштуе кватэра. Ёсць жа кватэры і па 500 тысяч, 25
тысяч там вялікай ролі не адыгрываюць”.