Вы тут

Мінская блогерка запісала сторыз пра "блакатар вірусаў" — і нарвалася на флэшмоб

Кацярына Коба і ўдзельнік флэшмобу пра "блакатары вірусаў"

Мінская блогерка Кацярына Коба апублікавала інстаграм-сторыз пра "блакатар вірусаў". На відэа яна паказвае бліскучы прастакутнік і распавядае пра яго прызначэнне: "Сябры, пачалі пытацца, што за пропуск у мяне вісіць на шыі. Гэта блакатар вірусаў. Дзейнічае на некалькі метраў. Таксама такія ёсць і для памяшканняў. Іх вельмі складана знайсці, практычна немагчыма..."

У інстаграме ў Кацярыны Кобы 642 тысячы падпісчыкаў, якія, верагодна, ёй давяраюць. Але многія карыстальнікі сацсеткі паставіліся да відэа пра "блакатар вірусаў" крытычна. Яны пачалі запісваць пародыі, а блогер і шоў-вумэн Ганна Бонд сабрала іх разам:

 

Прадаўцы называюць "блакатары вірусаў" інавацыйнай распрацоўкай, якая "надзейна абараняе паветраную прастору ад шкодных бактэрый". У бэджы ўтрымліваюцца сурвэткі з дыяксідам хлору, які нібыта стварае вакол чалавека ахоўны купал.

"Партатыўны бэдж паклапоціцца аб тым, каб яго ўладальнік не заразіўся віруснай інфекцыяй", — гаворыцца на адным з сайтаў. Аднак эфектыўнасць "блакатараў вірусаў" навукова не пацверджаная. А сродкі, якія б на 100% абаранялі чалавека ад вірусных інфекцый, пакуль што не існуюць у прынцыпе.

Вакцыны ад COVID-19 на сённяшні дзень таксама не існуе, а пра прафілактычныя меры, якія неабходна прадпрымаць, лепш даведвацца не ад блогераў, а ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Напрыклад, тут. А калі Мінздароўя не падабаецца — калі ласка, 25 лекараў запісалі зварот да беларусаў. Там вы не пачуеце пра "блакатары вірусаў" і іншыя цудоўныя інавацыі. Затое даведаецеся, што сапраўды дапаможа зменшыць рызыку заражэння каранавіруснай інфекцыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.