Вы тут

Мінскаму доктару-неўролагу адтэрмінавалі адміністрацыйны арышт праз COVID-19

 Руслан Бадамшын / nn.by

Мінскага доктара-неўролага Руслана Бадамшына, асуджанага 16-га студзеня на 15 сутак за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, адправілі дадому далечваць каранавірус. Пра гэта паведамляе ТГ-канал "Белыя Халаты". Руслана адпусцілі з будынка суда, даўшы адтэрміноўку на месяц — у доктара пацверджаны тэст на COVID-19.

Руслан Бадамшын быў затрыманы ў Мінску на вуліцы Нікіфарава ўвечары 14-га студзеня: ён быў хворы і ішоў дадому з паліклінікі. У сетцы ёсць відэа затрымання доктара:

Гэта чацвёртае затрыманне Бадамшына за апошнія паўгода — у суме ён правёў за кратамі 32 дні.

"У мяне растуць дзве дачкі, я хачу жыць у сваёй краіне, хачу, каб яны жылі ў свабоднай краіне, каб яны не баяліся выходзіць на вуліцу, каб іх ніхто не збіваў толькі за тое, што яны не згодныя з меркаваннем дзейнага рэжыму. Я буду выходзіць. Лепш няхай будуць біць мяне, чым будуць біць маіх дзяцей. Я нікуды не хачу з'язджаць", — так тлумачыў Бадамшын сваю грамадзянскую актыўнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.