Вы тут

Мінскае прадпрыемства "хавала" пазычанасць па зарплаце, справа ўжо ў пракуратуры

Пракуратура Кастрычніцкага раёна / www.prokuratura.gov.by

Пракуратура Кастрычніцкага раёна Мінска расследуе справу ў дачыненні да кіраўніка мінскага прадпрыемства, якое "хавала" пазычанасць па зарплаце. Дырэктар арганізацыі спрабаваў пазбегнуць праверак і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за несвоечасовую выплату заработнай платы, а цяпер можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Устаноўлена, што ў першым паўгоддзі 2020 года на прадпрыемстве сістэматычна дапускалася запазычанасць па выплаце заработнай платы супрацоўнікам. Але ў дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці звесткі пра гэта не адлюстроўваліся. Указанні так рабіць даваў падначаленым дырэктар прадпрыемства.

Паводле матэрыялаў праверкі выканання заканадаўства аб працы, пракурор Кастрычніцкага раёна Мінска Юрый Трайкоўскі распачаў крымінальную справу па факце службовай фальсіфікацыі, здзейсненай з мэтай скажэння дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, па частцы 2 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Крымінальную справу прыняла да вытворчасці пракуратура раёна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.