Вы тут

Мінсельгасхарч: імпартную бульбу купляем на прамысловую перапрацоўку

Бульба / Еўрарадыё

У Мінсельгасхарчы заяўляюць, што сваёй бульбы ў Беларусі дастаткова, а імпартную купляюць на прамысловую перапрацоўку. Так ведамства пракаментавала навіны пра тое, што Беларусь у сезон ураджаю купляе бульбу за мяжой.

Асноўным імпарцёрам бульбы ў нашу краіну стала Украіна. Акрамя таго яе завозяць з Літвы, Ізраіля, Ірана. Пры гэтым у некаторых беларускіх крамах імпартную бульбу можна знайсці па ніжэйшых коштах, чым айчынную.

У Мінсельгасхарчы кажуць, што ў жніўні-верасні ў Беларусь увезена 568 тон бульбы, пераважна — на прамысловую перапрацоўку. Дарэчы, каля 12% ад бульбы, прывезенай у студзені-ліпені, пайшло на вытворчасць чыпсаў.

"На экспарт у студзені-ліпені 2021 г. пастаўлена бульбы ў аб'ёме 99,3 тысячы тон на 25,8 мільёна долараў (тэмп росту да студзеня-ліпеня 2020 года — 115,2%), што ў 3,6 раза перавышае вартасны аб'ём імпарту", — гаворыцца ў паведамленні Мінсельгасхарчу.

Чыноўнікі не тлумачаць, чаму імпарт бульбы ў студзені-ліпені вырас на 34,9%. Пры гэтым беларускія пастаўкі на ўкраінскі рынак істотна знізіліся — 6,7 тысячы тон у студзені-ліпені 2021-га супраць 129,3 тысячы тон за такі ж перыяд 2020-га. 

У Мінсельгасхарчы заяўляюць, што летась ураджай бульбы склаў 914 тысяч тон і сёлета чакаецца на такім жа ўзроўні. 

Таксама чыноўнікі заяўляюць, што сельгасвытворцы прадаюць бульбу па аптовым кошце 50-60 капеек за кілаграм. Рознічныя ж кошты заўважна перавышаюць 1 рубель.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.