Вы тут

Міністр інфармацыі прыгразіў заблакаваць TUT.by

Ігар Луцкі / БЕЛТА

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі паведаміў, што яго ведамства працягвае маніторыць матэрыялы партала TUT.by для прававой ацэнкі. Па яго словах, гаворка ідзе пра арт. 38 закона аб СМІ (Забароненая інфармацыя), а таксама пра недакладную інфармацыю, якая здольная нанесці шкоду грамадскім і дзяржаўным інтарэсам.

Як распавядала Еўрарадыё, 19 студзеня Эканамічны суд Мінска не задаволі апеляцыю TUT.by на сваё ранейшае рашэнне ад 3 снежня 2020 года. У выніку, з сённяшняга дня партал афіцыйна пазбаўлены статусу СМІ. 

Луцкі заявіў, што яго ведамства працягвае сачыць за інфармацыйнай прасторай краіны.

"І пры парушэнні заканадаўства аб СМІ і іншых законаў Рэспублікі Беларусь неадкладна будуць выносіцца папярэджанні альбо патрабаванні аб выдаленні недакладнай інфармацыі. Альбо прымацца рашэнне аб спыненні дзейнасці альбо распаўсюджвання такой інфармацыі шляхам блакавання", — прыгразіў міністр.

Дарэчы, пасля 9 жніўня ў Беларусі шэраг недзяржаўных інфармацыйных сайтаў былі заблакаваныя без усялякага тлумачэння. Многія з іх дагэтуль даступныя толькі з дапамогай VPN альбо перайшлі на запасныя адрасы. На ранейшы адрас вярнулася хіба што "Наша Ніва" (nn.by).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.