Вы тут

Міністэрства аховы здароўя абяцае знізіць цэны на імпартныя лекі з новага года

Уладзімір Каранік / tut.by

З новага года ў Беларусі ўсталююць новыя гранічныя адпускныя цэны на імпартныя лекі, якія будуць ніжэйшымі, чым цяпер. Пра гэта заявіў 2 кастрычніка ў парламенце міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, перадае карэспандэнт Еўрарадыё. Паводле яго слоў, да зніжэння цэн Міністэрства аховы здароўя падштурхнулі вынікі аналізу цэн на прэпараты ў Беларусі і суседніх краінах.

Акрамя ўласнага даследавання рынку лекаў, Міністэрства аховы здароўя папрасіла карыстальнікаў Фэйсбука паведаміць, якія лекі яны купляюць у аптэках за мяжой танней, чым у Беларусі. "Былі вынікі нашага аналізу, дзе мы бачылі, што цэны завышаныя. Частка з прэпаратаў, на якія насельніцтва звярнула ўвагу. Усе яны ўвайшлі ў новы пералік прэпаратаў, на якія з новага года трэба будзе зарэгістраваць новую лімітавую адпускную цану і прычым эканамічна яе абгрунтаваць" , — паведаміў Каранік.

Па словах міністра, пастаўшчыкоў лекаў такія меры не напалохалі, амаль усе яны ўжо пагадзіліся з патрабаваннямі Міністэрства аховы здароўя. Гранічныя адпускныя цэны на лекі ўсталёўваюцца штогод, і за ўвесь час толькі 4 прэпараты сышло з беларускага рынку з-за нязгоды пастаўшчыкоў на ўмовы Міністэрства аховы здароўя.

"На сёння тры з іх мы замянілі іншымі пастаўшчыкамі, а ў дачыненні да чацвёртага мы запусцілі працэдуру прымусовай рэгістрацыі. Гэта робіцца разам з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю, калі прэпарат займае дамінуючае становішча на рынку", — распавёў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Сярод лекаў, на якія ўсталююць гранічныя цэны, анкалагічныя прэпараты, сардэчна-сасудзістыя, для лячэння захворванняў стрававальнага тракта і іншыя.