Мінінфармацыі: Знятыя каналы і не спрабавалі атрымаць дазвол на вяшчанне

Аднак ці ёсць у тэлеканала ТНТ дазвол на вяшчанне на тэрыторыі Беларусі, у офісе кампаніі Еўрарадыё сказаць дакладна не змаглі. У Міністэрстве інфармацыі да апошняга рабілі выгляд, што нічога не ведаюць пра адключэнне пяці расійскіх тэлеканалаў (1 канал–сусветная сетка, НТВ–Мир, ТВЦ, РЕН-ТВ).

Кіраўнік аддзела з электроннымі СМІ Генадзь Курбека называў усё чуткамі:

“Мы ж Міністэрства інфармацыі, а не міністэрства чутак. Не ведаю, на каго там хто спасылаецца, якія рашэнні хто дзе прыняў”.

Сёння Міністэрства ўсё зразумела: адказнасць нясуць аператары спадарожнікавага ды кабельнага тэлебачання. Саветнік міністра інфармацыі Віктар Казлоў кажа, што інфармацыя пра загады ад Міністэрства – паклёп.

Віктар Казлоў: “Тое, што вам хтосьці распавядае пра Міністэрства інфармацыі, ну гэта такі ўжо паклёп, што далей няма куды. Зараз я прачытаю, што ваша Космас-ТВ гаворыць. Алена Клюйкова кіраўнік аддзела праграм вось што кажа: рашэнне прынята ўнутры кампаніі Космас-ТВ. Ніякіх распараджэнняў “зверху” аб спыненні вяшчання тэлеканалаў мы не атрымлівалі — гэта ўжо МТІС гаворыць. А ад нас ніякіх папер не сыходзіла”.

Па словах саветніка міністра інфармацыі, знятыя тэлеканалы не атрымалі дазвол на вяшчанне, бо нават і не пыталіся.

Віктар Казлоў: “Яны і не пыталіся нават пра дазвол”.

Аднак Космас-ТВ працягвае сцвярджаць пра загад Міністэрства.

Космас-ТВ: “Адключаны яны ў сувязі з адсутнасцю дазволу ад Міністэрства інфармацыі. Няма магчымасці вяшчання дадзеных каналаў на тэрыторыі краіны. Канал ОРТ, НТВ-мир, і РЕН-ТВ замененыя на новыя каналы: “Мір”, “Весці”, і ТНТ. Гэтыя каналы не тое, што атрымалі дазвол. Проста мы маем магчымасць уключыць іх у пакет праграм”.

Комас-ТВ гаворыць, што вымушаны адключаць рэйтынгавыя тэлеканалы:

“Я разумею, што каналы ОРТ і НТВ-Мир карысталіся вялікай папулярнасцю. Але зараз няма магчымасці іх вяшчаць, таму мы вяшчаем тыя, якія магчыма, на якія ёсць дазволы ў аператараў кабельных сетак. Гэта не ініцыятыва нашай кампаніі, ва ўсіх кабельных аператараў яны адключаны”.

Тады Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці маюць новыя каналы такую ліцэнзію. На гэта на канале ТНТ нам адказалі, што неабходная ліцэнзія ў іх ёсць. Аднак нейкая дзіўная... сусветная ліцэнзія.

ТНТ: “Вы ведаеце, справа ў тым, што ў нас ліцэнзія на вяшчанне на тэрыторыі ўсяго свету”.

Тым часам адключаныя тэлеканалы чакаюць афіцыйных адказаў.

Валеры Зайцаў, “РТР-Планета”: “Я, на жаль, не магу пракаментаваць гэта рашэнне. Бо афіцыйна нам нічога не дасылалі, нічога не ведаю”.

НТВ-Мир таксама чакае лісты ад мінінфармацыі:

НТВ-Мир: “Я не ведаю афіцыйнай версіі. Наколькі вядома, існуе распараджэнне беларускіх аблвыканкамаў аб адключэнні пяці каналаў рускамоўных. Ну, што зробіш, аблвыканкамы паступілі такім чынам. Напэўна ў Міністэрстве інфармацыі рана ці позна распавядуць. Вось, чакаем афіцыйнага ад іх ліста”.

Дакладна можна сказаць, што вяшчанне РЕН-ТВ праз СТВ зменена не будзе. СТВ не займалася рэтрансляцыяй, а проста набывала нейкія праграмы.

СТВ: “Мы транслюем іх кантэнт, і ўсё. Рэтрансляцыяй РЕН-ТВ мы не займаемся. Кантэнт, гэта нейкія праграмы гэтага канала набывалі і рэтранслявалі, перакрываючы іх, дадаючы свае нейкія праграмы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі