Мінінфарм не знайшоў парушэнняў у публікацыі адрасоў "ухілістаў"

Пракуратура Рэчыцкага раёна вынесла папярэджанне галоўнаму рэдактару газеты "Дняпровец" і ваеннаму камісару Рэчыцкага і Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Пра гэта раённая пракуратура паведаміла ў адказ на скаргу Дзяніса Сцепаненкі

Нагодай для скаргі стала публікацыя ў газеце "Дняпровец". У ёй ваенны камісар паведамляў пра "ўхілістаў" ад войска і называў іх паіменна, у тым ліку паведамляючы адрасы. 

Актывіст Дзяніс Сцепаненка палічыў, што артыкул парушае таямніцу прыватнага жыцця маладых людзей, бо паведамляе іх адрасы. Ён напісаў скаргі ў Міністэрства інфармацыі, Міністэрства абароны і пракуратуру.

Міністэрства абароны не пабачыла парушэння ў публікацыі: "Згодна з артыкулам 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2008 года "Аб рэгістры насельніцтва" персанальнымі дадзенымі фізічных асоб з'яўляецца сукупнасць асноўных і дадатковых персанальных даных, якія падлягаюць унясенню ў рэгістр насельніцтва, а таксама даных аб рэквізітах дакументаў, якія пацвярджаюць асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя канкрэтных фізічных асоб. Вышэйпаказанаыя інфармацыя і даныя ў газеце "Дняпровец" не публікаваліся".

Мінінфарм таксама не пабачыў парушэнняў законаў "Аб СМІ" і "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі". 

Затое пракуратура Рэчыцкага раёна вырашыла, што парушэнні закону ўсё ж такі былі, і папярэдзіла газету і ваенкамат пра недапушчальнасць надалей такіх парушэнняў. 

Дарэчы, на сайце "Дняпроўца" адрасы "ўхілістаў" ужо прыбралі. 

Адказ з Мінінфармацыі
Адказ з Рэчыцкай раённай пракуратуры