Мінгарвыканкам не дазволіў два пікеты супраць хатняга гвалту

Мінгарвыканкам не дазволіў правесці пікеты супраць хатняга гвалту 9 і 10 снежня ў Кіеўскім скверы. Заяўнікамі акцыяў выступалі прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай платформы і прадстаўніцы ініцыятывы "Маршыруй, дзетка!"

Планавалася, што на гэтых пікетах актывісты і пацярпелыя ад хатняга гвалту распавядуць як асабістыя гісторыі, так і гісторыі жанчын, забітых у 2019 годзе. За першае паўгоддзе 2019-га ад рук сваіх блізкіх загінулі 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за першае паўгоддзе 2018 года.

Мінгарвыканкам адмовіў заяўнікам па дзвюх прычынах. Па-першае, апавяшчэнне пра пікеты яны падалі не пісьмова, а ў электронным выглядзе. Па-другое, менавіта ў той час, калі хацелі правесці пікеты, у Кіеўскім скверы будзе праходзіць добраўпарадкаванне.

Раней Мінгарвыканкам адмовіў ініцыятыўнай групе "Маршыруй, дзетка!", калі яна хацела правесці танцавальны флэш-моб у ТРЦ ​​Dana Mall і марш супраць хатняга гвалту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.